Прэм’ер-міністр Латвіі сумняецца, што хакеісты паедуць на Чэмпіянат свету ў Мінск
Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш у эфіры мясцовага TV3 пацвердзіў гатоўнасць краіны прыняць чэмпіянат свету ў Рызе, калі гэта дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя. Паводле яго слоў, падрыхтоўка вядзецца, аднак у кіраўніка латвійскага ўрада выклікае сумневы перспектыва праводзіць спаборніцтвы разам з Беларуссю.
«Нас турбуе другі этап, які намечаны на Мінск. Прынамсі, ёсць вельмі вялікае пытанне аб умовах бяспекі», — перадае яго словы REFORM.by.
Па словах Карыньша, ён сумняецца ў здольнасці беларускіх праваахоўных органаў забяспечыць бяспеку спартсменаў, калі праваахоўнікі жорстка нападаюць на ўласны народ.
Раней Латвія заклікала перанесці чэмпіянат свету па хакеі з Мінска. У пачатку верасня Карыньш заяўляў, што калі Міжнародная федэрацыя хакея не пойдзе насустрач, а сітуацыя ў Беларусі не зменіцца, то краіна можа адмовіцца ад правядзення спаборніцтваў.
У беларускай федэрацыі хакея, у сваю чаргу, заявілі аб гатоўнасці правесці чэмпіянат 2021 года ў адзіночку.