Простыя рэчы: Сустрэць добрага чалавека на сваім жыццёвым шляху
Сабачнікі — гэта не проста людзі з сабакамі. Гэта целы сусвет са сваімі акалічнасцямі ды асаблівасцямі. Такая паралельная рэчаіснасць, існуючы ў якой часам да дрыжыкаў асэнсоўваеш недарэчнасць і жорсткасць навакольнага свету.
Гэты выпадак здарыўся на чарговай прагулцы. Цёплым вечарам мы з сабакам рушылі на доўгачаканы шпацыр. Прыгожае надвор’е і надзвычай добры настрой спрыялі, у першую чаргу сабаку, выдатнаму баўленню часу ля вады ў пошуках качак і іншых сабачых цікавостак.
Крочачы міма двухпавярховікаў, наперадзе я заўважыў хударлявы дзявочы абрыс з малым сабачанём на ланцужку. Мы ўжо ведалі гэтых новых чальцоў нашай сабачай суполкі — малое, падобнае на джэк-расэл тэр’ера, шчанё Арчы і ягоная «гаспадыня» Танюшка. Гэтая парачка заўсёды выклікала ва ўсіх замілаванне — сур’ёзнае дзяўчо, якая выконвае важную місію па выгулу, і малы весялючы гарэза Арчы, якому літаральна да ўсяго ёсць справа. На сабакаў здалёк ён старанна ціўкаў сваім шчанюковым брэхам, але ж зблізку адразу падскокваў вітацца і ўсім сваім выглядам дэманстраваў сяброўскія адносіны. Танюшка сур’ёзна яго ўтаймоўвала, перыядычна падцягваючы за танны ланцужок, і кідала дапытлівыя позіркі на мінакоў-сабачнікаў — ці дакладна яна ўсё робіць. Мы ўсе абавязкова з імі віталіся, што неверагодна падабалася Танюшцы — яна ўся падбіралася, ёй відавочна было прыемна належыць да «дарослай» суполкі.
Падышлі, павіталіся. Арчы, як заўсёды, таропка абнюхаў маю Берту і паспрабаваў з ёй пагуляцца. Але ж Танюшка сувора прыбрала яго за ланцужок і спыталася:
— А вы Стыва (Стыў — коргі, агульны любімец, чалец сабачай тусокі раёну) не бачылі? А то мы яго тут чакаем!
Трэба адзначыць, што большасць сабачнікаў са сваімі ўлюбёнцамі шпацыруюць разам на так званым «выгуле» і звычайна ходзяць туды аднымі шляхамі.
— Не, Танюшка. Не бачыў сёння.
— Шкада. Мы іх тут другі вечар ужо чакаем.
— Дык можа яны іншым шляхам пайшлі. Ідзіце да выгулу самі.— Не, мне маці забараняе адной з Арчы так далёка хадзіць. Вось калі б са Стывам...— Ну, прабач. З намі не пойдзеш?— Не, мы яшчэ Стыва пачакаем. Арчы з ім любіць гуляць.
Мы з Бертай пайшлі далей. Я некалькі разоў азіраўся і бачыў дзявочы абрыс, Танюшка даверліва чакала кампанію свайму любімаму шчанюку. Настрой сапсаваўся, хаця гэта ўсяго жыццёвы выпадак. Ну пайшоў чалавек са сваім сабакам іншай дарогай на шпацыр, што тут такога? Сёння не сустрэліся — заўтра ці паслязаўтра сустрэнуцца. Толькі цяпер у нас такое жыццё, што заўтра ці паслязаўтра можа і не здарыцца.
Мы не ведаем — што, хто і калі нас чакае на жыццёвым шляху. Канечне, добрае і дрэннае крочуць побач, але дрэннае мы чакаем, а вось добрае амаль не заўважаем — успрымаем як нешта такое, што само па сабе адбываецца. Я вельмі жадаю, каб кожны добры чалавек з добрымі намерамі на нашым жыццёвым шляху нас дачакаўся. А яшчэ болей я бы жадаў, каб кожны з нас стаў тым самым добрым чалавекам з добрымі намерамі на жыццёвым шляху кагосьці. Нават таго, каго ледзь ведаем. Каб мы дачакаліся і нас дачакаліся. Асабліва, калі ад гэтай сустрэчы можа шмат што залежыць.
Жыццёвы шлях складаецца з штодзённых крокаў. Нават падчас шпацыру з сабакам.