Прыходзілі пагрозы з міліцэйскіх тэлеграм-каналаў. Экс-палітвязня Францкевіча дэпартавалі ў Беларусь
Былога палітвязня, актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча затрымалі ў Кіеве і дэпартавалі ў Беларусь. Як паведамляюць паплечнікі актывіста, учора ўвечары ён пайшоў у міграцыйную службу і не вярнуўся.
Як распавёў «Новаму Часу» паплечнік Аляксандра Францкевіча, учора ўвечары тэлефон у яго быў выключаны, і толькі ўначы ён змог пазваніць маці з беларускай мяжы і паведаміць, што яго дэпартуюць.
Цяпер сувязі з Аляксандрам няма, верагодна, ён знаходзіцца ў Мінску. У яго скралі тэлефон, сябры мяркуюць, што гэта зрабілі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны.
Паўгода таму СБУ пагражала Аляксандру дэпартацыяй у размовах з іншымі актывістамі. Але прычына дэпартацыі пакуль невядомая.
«Насамрэч, абсалютна незразумела, як можна было такую працэдуру аформіць за 5 гадзін», — падзялілася крыніца «Новага Часу».
Па яе словах, Аляксандру Францкевічу прыходзілі пагрозы з міліцэйскіх тэлеграм-каналаў, маўляў, «вернешся — разбярэмся».
У 2011 годзе Францкевіч быў асуджаны на тры гады зняволення па абвінавачанні ў злосным хуліганстве, наўмысным пашкоджанні маёмасці і несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі. Раней ён і яшчэ чацвёра ягоных паплечнікаў былі затрыманыя па падазрэнні ў падпале расійскай амбасады і Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Францкевіча палітвязнем.
Выйшаў на волю ў верасні 2013-га, а ў 2015-м з'ехаў у Кіеў. Там ён атрымаў від на жыхарства і працаваў праграмістам, падтрымліваў сувязь з анархістамі. Летась Аляксандр Францкевіч паведамляў беларускім журналістам, што на яго пачаўся ціск з боку СБУ.