Прыгожа, смачна і экалагічна: у Мінску прайшоў экафестываль «Пастарнак» (фота)
У выхадныя дні на вядомай прасторы па вуліцы Кастрычніцкай праходзіў экалагічны фэст «Пастарнак». Падобныя фэсты праходзілі штогод, пачынаючы з 2015-га, але летась па зразумелых прычынах яго не было. Экалогія, здаровы лад жыцця, веганства і шмат чаго яшчэ — усё гэта можна было паспрабаваць і ўбачыць на фестывалі. Глядзім, як гэта было.

Веганскія бургеры? Лёгка!
Пляценне в'етнамскіх гамакоў? Троху складаней, але няма нічога немагчымага!
Прыйшлі з сабакам? Калі ласка!

Драўляны посуд ці экалагічная касметыка? На любы густ!
Наведвальнікі і ўдзельнікі «Пастарнаку-2021», як і ўсе мы, стаміліся бавіць час у анлайне і з задавальненнем шпацыравалі паміж гандляроў, гладзілі кацянятак, частаваліся экаежай і рабілі шмат сэлфі. Адразу некалькі валанцёраў з розных жывёлаабарончых ініцыятыў прапаноўвалі набыць экалагічныя сувеніры ці проста ахвяраваць нейкую суму на прытулкі і дапамогу братам нашым меншым. Каля адной сталай жанчыны з двума малымі кацянятамі (Нік ды Майк, ага) увесь час было шматлюдна — і, верагодна, хутка малыя паедуць дадому.
Госці з задавальненнем наведвалі шматлікія майстар-класы, дзеці маглі правесці час на гульнявых зонах — сумаваць не прыходзілася. Некалькі разоў пачынаўся дождж, але было бачна, што гэта ненадоўга, і не паспявалі апошнія кроплі дакрануцца да асфальту, як «Пастарнак» ізноў быў шматлюдным і добразычлівым.