Прыгрэлі хеўру
Ужо некалькі дзён у мас-медыя гуляе інфармацыя пра забойства ў Мінску крымінальнага аўтарытэта з Кыргызстану Алманбета Анапіяева, труп якога знайшлі ў багажніку аўтамабіля ледзьве не ў цэнтры беларускай сталіцы. Паводле апошніх паведамленняў, да злачынства маюць непасрэднае дачыненне чальцы клану зрынутага пяць гадоў таму прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева, які паспяхова атабарыўся ў нашай краіне разам са сваімі сваякамі. І ўсё са згоды і пад патранажам дзейнага кіраўніка Беларусі.
аля амбасады Беларусі ў Бішкеку прайшоў мітынг з патрабаваннем выдачы Бакіевых. Фота kyrtag.kg
Як вядома, Курманбек Бакіеў мае беларускае грамадзянства, якое пасля ўцёкаў з радзімы вельмі хутка атрымаў з найвялікшай волі і па распараджэнні свайго тутэйшага тады яшчэ візаві. Памятаецца, на адной з прэс-канферэнцыяў у Мінску Бакіеў (пасля “дрангу нах норд-вэстэн” на прадастаўленым Лукашэнкам беларускім самалёце) заявіў, што мае намер заняцца ў Беларусі нейкім бізнесам. Пра бізнес Бакіева і яго сямейнікаў пакуль што нічога не чуваць. Некалькі гадоў пра былога кыргызстанскага фюрэра ўвогуле не было чуваць амаль анічога. І вось цяпер, пасля з’яўлення трупа Анапіяева, прозвішча Бакіеў зноў з’явілася ў медыя-прасторы.
Як падае “Комсомольская правда”, целаахоўнік забітага бандзюгана Гулжыгіт Абдылазізаў яшчэ 25 лютага вярнуўся на радзіму, бо баяўся, што і яго могуць забіць, як тое здарылася з ягоным гаспадаром. Паводле Абдылазізава, у мінскі пентхаўс Анапіяева прыехалі тры чалавекі. Гэта Айбек Абдразакаў – былы кіраўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Кыргызстану, Рустам Сайдуеў і Жаныш Бакіеў – брат экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева і былы кіраўнік Службы дзяржаўнае аховы. Целаахоўнік Анапіяева не стаў перашкаджаць гутарцы, выйшаў з кватэры і доўга чакаў.
Па словах адваката целаахоўніка Кайрата Загібаева, прыкладна а другой гадзіне ночы дзверы пентхаўса адчыніліся, і Айбек Абдразакаў вынес нешта цяжкае, завернутае ў матэрыю. Яны спусціліся да “мерседэса” Анапіяева і нешта туды паклалі. Целаахоўнік зразумеў, што надарылася нешта страшнае, і моцна спужаўся. Калі ён увайшоў назад у кватэру, то ўбачыў раскіданыя рэчы, адразу ж набыў квіток на самалёт на адляцеў да сябра ў Маскву, а праз некалькі дзён скіраваўся ў Бішкек.
Сваё стаўленне да адбытага афіцыйна выказаў цяперашні прэзідэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў. “Крывавыя крымінальныя разборкі, якія здзейсніў днямі небезвядомы Жаныш Бакіеў над былым сваім падначаленым з крымінальнага свету, не пакідаюць сумневу, што сямейнікі Бакіевых адчулі ў Беларусі поўную беспакаранасць і разам са сваімі галаварэзамі працягваюць забіваць. Каго яшчэ мусяць забіць Бакіевы, каб улады Беларусі нарэшце ўбачылі звярыную і людажэрскую сутнасць гэтай крымінальнай сям’і? Гэтыя звяры будуць праліваць кроў паўсюль, дзе б яны не апынуліся, у тым ліку і ў Беларусі, якая іх прытуліла”, — адзначыў кіраўнік Кыргызстану.
Дарэчы, афіцыйны Бішкек ужо пяць гадоў беспаспяхова дабіваецца экстрадыцыі Бакіевых, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам і нават ужо завочна асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення.
Тут узнікае шэраг пытанняў.
Па-першае, навошта беларускаму кіраўніку дагэтуль бараніць злачынцаў, няхай яны і носяць прозвішча Бакіевы? Балазе ў свой час нават расійскае кіраўніцтва ў асобе прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева выказвалася негатыўна да таго, што Курманбека Бакіева і кампанію прытуліў у сябе Аляксандр Рыгоравіч.
Па-другое, навошта беларускаму кіраўніцтву мець пад бокам фактычна замежны крымінальны клан, які псуе ўсю “карцінку”, шмат гадоў маляваную афіцыйнай прапагандай, пра адсутнасць у Беларусі такога кшталту злачыннасці? Памятаеце, як шмат гадоў таму афіцыйны беларускі лідар вяшчаў пра тое, што ў нас не засталося крымінальных аўтарытэтаў?
Па-трэцяе, Кыргызтан прэтэндуе на далучэнне да Еўразійскага эканамічнага саюза. Ці паспрыяе гэтаму наяўнасць такой праблемы, як “бакіеўская”?
А на халеру гэта ўсё шараговым беларусам, дык і пытацца не варта. Проста з’яўляецца думка, што чым хутчэй бакіеўская хеўра пакіне Беларусь, тым крыху спакайней будзе на нашай тэрыторыі. Прынамсі менш трупаў будуць знаходзіць у багажніках аўтамабіляў у цэнтры Мінска.