«Прынцэса» беларускага цырка зноў пад следствам

Чарговая гучная ў Беларусі крымінальная справа раскручваецца пад купалам дзяржаўнага цырка. Як і трынаццаць гадоў назад у цэнтры гэтай скандальнай гісторыі апынулася Таццяна Бандарчук, якую за адданасць унікальнаму мастацтву завуць «прынцэсай цырка».



bondarchuk1_1.jpg

На фота ў цэнтры - Таццяна Бандарчук

Матэрыялаў, сабраных міліцэйскімі барацьбітамі з эканамічнай злачыннасцю і супрацоўнікамі КДК, аказалася досыць, каб Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні Таццяны Бандарчук. Праўда, у афіцыйным паведамленні яе імя не называецца. У прэс-рэлізе фігурантка згадваецца як «былы дырэктар — мастацкі кіраўнік дзяржаўнай відовішчнай установы «Беларускі дзяржаўны цырк». Пра каго ідзе гаворка, тут і прыкідаць не трэба, але калі Таццяна Мікалаеўна стала «былой», пакуль невядома.
 

Таксама за кадрам застаюцца падрабязнасці гэтай гісторыі. Следчы камітэт, які прыняў крымінальную справу, абмежаваўся толькі паведамленнем, што яна ўзбуджана па ч. 3 арт. 424 КК («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»), а «мера стрымання ў дачыненні падазраванай не абіралася». Санкцыя артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Нешта падобнае ў сваім яркім цыркавым жыцці Таццяна Бандарчук ужо перажывала.
 

У красавіку 2000 года прэс-служба МУС пашырыла паведамленне такога зместа:
 

«Супрацоўнікі УЭП ГУУС Мінскага гарвыканкама ў будынку Беларускага дзяржцырка затрымалі з доказамі злачынства дырэктара гэтай установы Таццяну Бандарчук. Яна падазраецца ў атрыманні хабару ў суме 4,9 тысячы даляраў ЗША ад двух артыстаў Маскоўскага цырка за рашэнне пытання наконт складання кантракта, ззвязанага з выступам і размяшчэннем цыркавога рэквізіту. Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 169 КК».
 

Затрыманую змясцілі ў ШЫЗА, а па сталіцы папаўзлі жудасныя чуткі, аж да таго, што ў сейфе дырэктрысы знайшлі пачкі даляраў, а ў самім Белдзяржцырку нібы чачэнскія баевікі сваю базу ўладкавалі.

Пакуль Таццяна Мікалаеўна знаходзілася пад арыштам, у цырка з'явіўся новы дырэктар. Прозвішча яго запомніць не паспелі, казалі, што з былых вайскоўцаў. Камандаваў ён артыстамі нядоўга.
 

Прыкладна праз месяц Бандарчук вызвалілі са следчага ізалятара. На прэс-канферэнцыі тагачасны Генпракурор Алег Бажэлка растлумачыў, што змена меры стрымання звязана з перакваліфікацыяй вінавачання: з хабару на — злоўжыванне службовым становішчам. Куды дзеўся «хабар з доказамі злачынства», які ўручаўся пад кантролем аператыўнікаў, так і засталося таямніцай. Пазней стала вядома, што справу прыпынілі і зусім спынілі. А Таццяна Мікалаеўна неяк неўпрыкмет вярнулася ў крэсла дырэктара і з галавой акунулася ў няпростае цыркавое жыццё.

Дарэчы, Бандарчук пасля таго выпадку вельмі шмат кантактавала з журналістамі, практычна ніколі не адмаўляла ў інтэрв'ю, але яна сябе паставіла так, што ніхто не пытаў у яе пра падрабязнасці зняволення ў ШЫЗА. Сама ж яна пра гэта ні слова не прамовіла. І на чуткі пра тое, што за яе заступіўся кіраўнік дзяржавы, ніяк не рэагавала.

Здавалася, што самы цяжкі для сябе час дырэктар Таццяна Бандарчук паспяхова перажыла. З верасня 2008 года Беларускі дзяржаўны цырк знаходзіўся на рэканструкцыі і зноў адкрыў свае дзверы ў снежні 2010 года. Артысты працяглы час былі, можна сказаць, бяздомнымі. Але высілкамі свайго кіраўніка без працы не сядзелі — выступалі ў шапіто, гастралявалі. Таццяна Мікалаеўна паспявала і будаўнікоў кантраляваць. Да месца заўважыць, у лістападзе 2011 года Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Таццяну Бандарчук званнем народнай артысткі Беларусі.

З часам стане вядома, якія прэтэнзіі прад'яўляць праваахоўнікі «прынцэсе цырка». У чым сёння няма сумневаў, так гэта ў тым, што са жніўня 1996 года Белдзяржцыркам кіраваў сапраўдны прафесіянал цыркавога мастацтва.
 

Дарэчы. У каментары парталу TUT.BY Бандарчук паведаміла, што не ведае пра ўзбуджаную крымінальную справу:
 

«Я яшчэ не ў курсе ніякай крымінальнай справы. У мяне прайшла праверка Дзяржкантролю, і я больш нічога не ведаю. Першае, я цяпер хварэю. Другое, я думаю, што калі Дзяржкантроль вырашыў адкрыць крымінальную справу і мяне проста забіць, так разбярэцца кіраўнік дзяржавы — ён аб'ектыўны чалавек. Я думаю, што ён проста не ўсё ведае. Я, праўда, яшчэ не атрымала нават ад Дзяржкантролю выніковай праверкі. Але ў нас ужо ідуць звальненні».
 

Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што вельмі дрэнна сябе адчувае з-за таго, што адбываецца: «Цырк для мяне — не праца, гэта маё жыццё. Таму я яшчэ жывая».

P.S. Тым часам у Белдзяржцырку пацвердзілі «Інтэрфаксу», што крымінальная справа сапраўды ўзбуджана і гаворка ідзе пра Таццяну Бандарчук. 

Віктар Федаровіч, naviny.by