Прызнаныя экстрэмісцкімі чатыры рэгіянальныя тэлеграм-каналы і чаты
Чатыры рэгіянальныя тэлеграм-каналы і чаты — «Магілёў 97%», «Бабруйск 97%», «Асіповічы для жыцця» і «Бульвар Няскораных» — прызнаныя экстрэмісцкімі, паведамляе «Радыё Рацыя».

Такое рашэнне 30 сакавіка прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва, паведаміла афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.
«У названых групах, — напісала яна ў афіцыйным тэлеграм-канале. — Сістэматычна размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужачых».
«Для дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і змены канстытуцыйнага ладу ўдзельнікі чатаў рэгулярна заклікалі да масавых беспарадкаў, вулічных пратэстаў, хуліганства, радыкалізацыі, вандалізму, супраціву міліцыянерам, блакавання руху на аўтамабільных дарогах і чыгунках», — адзначыла Чамаданава.
Прадстаўніца МУС падкрэсліла, што цяпер за публікацыю або рэпост інфармацыі з гэтых інтэрнэт-рэсурсаў «прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць і пакаранне аж да арышту».
Раней паведамлялася, што экстрэмісцкімі прызнаныя рэгіянальныя
тэлеграм-каналы і чаты «Віцебск 97%», «Чат неверагоднага Віцебска», «Мазыр 97%»,
«Гомель Савецкі 97», «Кіроўцы 97», «Рэчыца для Жыцця ЧАТ», «Брэст: Чуткі і
факты», «Брэст 97%» і інш. belapan.by
belapan.by, www.racyja.com