Публічная акцыя Мінскага гей-прайду 2013 плануе завяршыцца мітынгам ля клуба "Каста Дзіва"
На мінулым тыдні арганізатары Мінскага гей-прайду 2013 перадалі ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт дзве заяўкі на публічныя акцыі ў падтрымку талерантнага стаўлення да гомасэксуалаў, бісэксуалаў і трансгендэраў ў Рэспубліцы Беларусь. Акцыі прымеркаваныя да Дня правоў чалавека і закліканы ўказаць на ўніверсальнасць правоў чалавека.
Арганізатары просяць у гарадскіх уладаў дазволіць правядзенне двух акцый. 11 снежня ЛГБТ-актывісты хочуць правесці Прайд-марш па бульвары Шаўчэнкі і скончыць яго святочным мітынгам -канцэртам ля ўваходу ў клуб “Каста Дзіва”, 12 снежня актывісты просяць дазволіць правядзенне мерапрыемства ў Парку дружбы народаў.
У гэтым годзе беларускія ЛГБТ-актывісты арганізуюць Прайд -фестываль у дзявяты раз , але гарадскія ўлады яшчэ ні разу не дазвалялі правесці публічную акцыю легальна.
Сёлета Мінскі гей-прайд праходзіць пад лозунгам “Мы ёсць!”, ЛГБТ-актывісты і праваабаронцы хочуць прыцягнуць увагу грамадства і ўлады да праблем, з якімі сутыкаюцца беларускія грамадзяне выключна на аснове сваёй сэксуальнай арыентацыі ці гендэрнай ідэнтычнасці.
Некаторыя амбасады заходніх дзяржаў і заходнія палітыкі ўжо выказалі сваю падтрымку Прайд -фестывалю ў Мінску. У прыватнасці , некаторыя мерапрыемствы прайда абяцаў наведаць намеснік амбасадара Нідэрландаў Адрыян Палм, сваю падтрымку ўжо выказала Місія ЗША пры АБСЕ, дэпутатка Еўрапейскага Парламента Марайя Карнэлісан і дзясяткі няўрадавых арганізацый з усяго свету, у бліжэйшыя дні актывісты плануюць пачуць і іншыя заявы ў падтрымку Мінскага гей-прайда 2013. У Вашынгтоне і Нью-Ёрку плануецца правядзенне публічных акцый у падтрымку Мінскага гей-прайда 2013.
GayBelarus.By