Расійска-беларускія войны

Тры вайны за апошнія шэсць няпоўных гадоў: газавая ў 2004-м, нафтавая ў 2007-м і ўрэшце малочная. Пачалася яна 28 мая з рэзкай публічнай ацэнкі эканомікі Беларусі расійскім міністрам фінансаў Аляксеем Кудрыным і затрымкі чарговай траншы абяцанага крэдыту. Далей па нарастаючай. Забарона на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расію, у адказ — увядзенне з 9 гадзін раніцы 17 чэрвеня ўзмоцненага мытнага кантролю. Аднак ужо пад вечар таго ж дня ў выніку перамоў забарона і кантроль былі ўзаемна адменены. Такі вось двухтыднёвы бліцкрыг. Без відавочных пераможцаў.



795c7a7a5ec6b460ec00c5841019b9e9.jpg

Карціна Валерыя Шкарубы

Тым больш, што ўсе канфлікты адбываліся пасля і на фоне шматгадовай фантасмагарычнай плыні інтэграцыйнай рыторыкі пра славянскае братэрства і пабудову саюзнай дзяржавы. Вось ужо сапраўды па Джорджу Оруэлу: “Вайна — гэта мір. Мір — гэта вайна. Як спецыяльна да шасцідзесяцігоддзя з дня выхаду бессмяротнай антыўтопіі вялікага пісьменніка “1984, у пацвярджэнне яе, на жаль, не старэючай і не слабеючай актуальнасці.
Ключ да адказу на пытанне: “Чаму і нашто?, бадай што, мы знойдзем у інтэрв’ю А. Лукашэнкі расійскім журналістам ад 1 чэрвеня. Беларускі лідэр пагрозліва папярэдзіў, што ён, магчыма, і не супраць поўнага і канчатковага саюза з Расіяй, але тады гарантавана вайна: “У нас жа ў Беларусі не дурны народ, ён мысліць таксама, як і расіяне: “Свая зямля, нікому не аддадзім, кашулю рванулі і пайшлі. Вы што, хочаце стварыць яшчэ адну Чачню тут? Я не хачу.
У малочнай вайне, у адрозненні ад папярэдніх, упершыню наўпрост звязалася эканамічнае супрацоўніцтва з ваенным (байкот пасяджэння АДКБ і падпісання адпаведнай дамовы пра стварэнне супольнага войска) і ўпершыню наўпрост быў закрануты памежны рэжым. Канфлікт па сутнасці ахапіў усе сферы двухбаковага супрацоўніцтва. Гэта не мір, а замірэнне, у якім кожны з бакоў чакае свайго часу дзеля дасягнення сваіх мэтаў. І таму трэба чакаць новых абвастрэнняў.
Як ні парадаксальна, разварот ад інтэграцыі да войнаў на самай справе ёсць не адмаўленне папярэдніх палітычных курсаў двух рэжымаў, а іх непасрэдны працяг. Двух рэжымаў аднаго аўтарытарнага тыпу. Расійскага, як спадкаемцы эсэсэсэраўскага, з вялікадзяржаўнай імперскай традыцыяй за плячыма, завостранага на аднаўленне і пашырэнне свайго геапалітычнага ўплыву. І беларускага, адбудаванага на аскепку савецкай імперыі, завостранага на самасцвярджэнне і, па абставінах, на пашырэнне. З істотнай, аднак, асаблівасцю — пашырэнне не праз тэрытарыяльныя заваёвы, а праз прарыў вярхоўнага беларускага кіраўніка ў лідэры новастворанай саюзнай дзяржавы. На той самы крамлёўскі пасаг.
Была выгоднай інтэграцыйная ідэя — абодва бакі актыўна, кожны пад сябе, эксплуатавалі яе. Не прынесла чаканых вынікаў — пачаліся канфлікты. У сукупнасці тры вайны вызначылі два стратэгічных напрамкі і адпаведныя ім інструменты барацьбы за свае інтарэсы. Валоданне энергарэсурсамі і рынкам збыту для беларускіх тавараў — зброя расійскай кіроўнай эліты. Валоданне пэўным кантролем на пэўным адрэзку шляху за транзітам нафты і газа з Расіі на Захад — зброя беларускай. Адсюль і крэн афіцыйнага Мінска на Захад як дадатковая магчымасць для манеўра. Павернецца сітуацыя ў іншы бок — імгненна ж, на паўноце, аднавіцца інтэграцыйная песня.
Выключна ў гэтых рамках — улада і яе пашырэнне — беларускі рэжым і ўспрыняў ідэю незалежнасці. Не выпадкова ж за ўсе гады свайго існавання ўладная вертыкаль не зрабіла ніводнага кроку спрыяння развіццю беларускай мовы і культуры.
У малочнай вайне А. Лукашэнка адкрыта прадэманстраваў, што яму не даспадобы поза васала. Адбіўся як характар аўтарытарнай улады, якая імкнецца быць самастойнай, так і характар Лукашэнкі. Ён не адмовіўся ад сваёй ранейшай мэты. І таму не мог дапусціць слабасці. Мусіў выглядаць у вачах расійскага электарату моцным і нязломным. Па сведчанню расійскіх аналітыкаў, у пэўнай ступені яму гэта ўдалося.
Гэта наўрад ці можна сказаць пра беларускі электарат. Безумоўна, антырасійская кампанія ў афіцыйных СМІ спрацуе на мабілізацыю цвёрдых прыхільнікаў А. Лукашэнкі. Але ж у нейтральных, што не вызначыліся і вагаюцца, адаб’ецца сумбурам у галовах. І ў любым варыянце — на лязе крызісу і войнаў паглыбілася лінія расколу ў грамадстве.
Аднак ідэя незалежнасці, тым больш рэалізаваная ў форме дзяржаўнасці на працягу двух дзесяцігоддзяў, мае сваю логіку развіцця. Ёсць падставы, якія таксама выявілася на лязе канфліктаў, спадзявацца, што ўжо незваротную — ні праз інкарпарацыю Беларусі ў склад Расіі, ні праз пераўтварэнне яе ў расійскага сатэліта, ні праз стварэнне саюзнай дзяржавы. Логіка, непадуладная волі любых правадыроў, якім найлепш гэтую логіку зразумець і ёй не супраціўляцца.
Ідэя незалежнасці, наглядная дэманстрацыя неабходнасці ўмацавання суверэнітэту Беларусі ёсць ці не адзіны пазітыўны вынік трох расійска-беларускіх войнаў. Але найлепш гэтая ідэя ажыццяўляецца ў рамках дэмакратычнага грамадства. І на гэтым фоне становіцца зразумела, што праграма “Усходняга партнёрства Еўрасаюза была абсалютна своечасовай. Беларусь у другі раз ад пачатку 1990-х гадоў атрымала унікальны гістарычны шанец увайсці ў еўрапейскую супольнасць і застацца ў добрасуседскіх адносінах з Расіяй. Не прамінуць бы зноў.