Расіяне едуць па сурагатнае мацярынства

Бяздзетныя пары з Расіі пачалі заключаць дагаворы на сурагатнае мацярынства з беларускамі. Адрозненні ў прававым рэгуляванні сурагатнага мацярынства ў Беларусі і Расіі змушаюць рускіх звяртацца да беларусак па дапамогу.



9d7e.jpg

Згодна з беларускім заканадаўствам, паслугай сурагатнага мацярынства можа скарыстацца толькі жанчына, у заканадаўстве Расійскай Федэрацыі такога абмежавання няма, як і жорсткіх патрабаванняў да сурагатных маці. «Апроч здавальняючага стану здароўя, дапушчальнага ўзросту і наяўнасці ўласнага здаровага дзіцяці, іншых патрабаванняў да сурагатнай маці не прад’яўляецца», — цытуе адваката Аляксандра Пыльчанку БелТА.

У законе «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» ёсць норма аб тым, што дамова на сурагатнае мацярынства ў Беларусі мусіць быць натарыяльна завераная. Прадугледжаны і пералік абавязковых умоў для такой дамовы. У беларускім законе дакладна агавораны ўмовы, пры якіх жанчына мае права скарыстацца паслугай сурагатнага мацярынства. У прыватнасці, павінны быць медыцынскія паказанні, па якіх яна не можа выносіць і нарадзіць дзіця. Калі жанчына знаходзіцца ў шлюбе, то на сурагатнае мацярынства патрабуецца згода мужа.

Даволі жорстка вызначаны і патрабаванні, што прад’яўляюцца да сурагатнай маці. У яе не павінна быць медыцынскіх супрацьпаказанняў на выношванне і нараджэнне дзіцяці, яна павінна быць у шлюбе, мець дзяцей, а ўзрост жанчыны мусіць быць ад 20 да 35 гадоў. Сурагатнай маці не можа стаць жанчына, якая асуджалася за ўчыненне цяжкага, асабліва цяжкага злачынства супраць чалавека або праходзіць у якасці падазраванай, абвінавачванай па крымінальнай справе.

Паводле беларускага заканадаўства, генетычная маці юрыдычна з’яўляецца мамаю дзіцяці, а сурагатная — ніякіх правоў на дзіця не мае. Сурагатная маці толькі аказвае платную паслугу на падставе дамовы.

Ганарар за паслугі сурагатнай маці цяпер складае каля дзесяці тысяч долараў. Таксама генетычныя бацькі аплачваюць расходы на медыцынскае абслугоўванне, штомесячныя выплаты падчас цяжарнасці. У Беларусі ёсць некалькі прыватных кампаній, якія займаюцца медыцынскім турызмам. У пераліку іх паслуг ёсць і падбор патэнцыйных сурагатных маці.