Расіянін спрабаваў правезці ў Літву праз Беларусь 40 кг золата
У грамадзяніна Расіі на мяжы з Літвой беларускія мытнікі канфіскавалі 40 кілаграмаў кантрабанднага золата. Пра гэта паведамілі ў Ашмянскай мытні.
Расіянін ехаў на аўтамабілі ў Літву праз пункт пропуску "Каменны Лог" па "зялёным" калідоры, заявіўшы, што ў яго няма тавараў, якія падлягаюць дэклараванню. Аднак мытнікі правялі дагляд яго аўтамабіля і выявілі кантрабанду.
У машыне ў схованках былі знойдзены поліэтыленавыя пакеты з вырабамі з жоўтага металу 585 пробы і белага металу 925 пробы з каляровымі ўстаўкамі. Тавар вагой у 40 кілаграмаў накіраваны на матэрыялазнаўчую экспертызу, перадае БелТА.
Кантрабандны тавар, паводле папярэдніх дадзеных, каштуе каля 700 млн беларускіх рублёў.
Ідзе адміністрацыйны працэс.