Расійскі нацыст Мільчакоў: улады Беларусі не маюць права мяне затрымаць або абмежаваць у перамяшчэнні

Кіраўнік атраду расійскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў упэўнены, што яму на тэрыторыі Беларусі нічога не пагражае.

strel.jpg

Менавіта гэтай заявай ён адрэагаваў на публікацыю ў газеце адміністрацыі прэзідэнта Беларусі «Беларусь Сегодня», прысвечаную ягонай дзейнасці. У публікацыі «СБ» Мільчакова наўпрост называюць нацыстам і фашыстам:

«Калі чалавек робіць учынкі, якія мы лічым амаральнымі, а то і злачыннымі, пры гэтым не дэманструе раскаяння і жадання адмовіцца ад злачыннага ладу жыцця, то яму няма чаго рабіць у Рэспубліцы Беларусь, можа, акрамя як сядзець у турме», — падкрэсліваецца ў артыкуле.

«Змагары думаюць, што гэта перамога? Сьмешна, — напісаў ён на сваёй старонцы „Укантакце“. — Хто забароніць працаваць з ВПК (ваенна-патрыятычным клюбамі — РС) і з прыватнымі асобамі (многія зь якіх просяць правесьці індывідуальныя трэніроўкі)?»

Мільчакоў падкрэслівае, што ніякіх юрыдычных падстаў затрымліваць яго ці забараняць яму з'яўляцца на тэрыторыі Беларусі ў беларускіх уладаў няма.

«А самае смешнае — улады РБ не маюць права мяне затрымаць (падставы няма), бо я не грамадзянін РБ, і за баявыя дзеянні на Данбасе яны прыцягнуць не могуць грамадзяніна РФ, а Ўкраіна ні справу на мяне не завяла, ні ў вышук не падала. Ды і перасоўванне па РБ, як мы бачым, не абмяжуюць», — піша ён. «Можа, пайсці на кантракт у ВДВ і свабодна маршам па Мінску праходзіць кожны год?», — жартуе напрыканцы Мільчакоў.

Як паведамлялася раней, на пачатку гэтага тыдня Мільчакоў прыяжджаў у Віцебскую вобласць. Як ён сам заявіў — «па справах».

 Паводле Радыё Свабода