Распачынаецца конкурс “Народны журналіст–2013: зробім лепш”
У межах кампаніі “Зробім лепш!” пры ўдзеле Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў стартаваў конкурс “Народны журналіст–2013: зробім лепш”.
![zrob_m_lepsh.jpg zrob_m_lepsh.jpg](/img/v1/news/full/zrob_m_lepsh.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ахвотным прапануецца дасылаць артыкулы, фота- і відэарэпартажы пра мясцовыя праблемы і паказаць шляхі іх вырашэння. Пераможцы атрымаюць магчымасць апублікаваць свае тэксты ў інтэрнэце, незалежных медыях, а таксама ў выглядзе ўлётак.
Першы конкурс “Народнага журналісту” адбыўся ў 2011 годзе. Удзел у ім узялі больш за 150 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі.
Сябра журы, мовазнаўца і дыпламат Пётра Садоўскі так акрэслівае мэты конкурсу: “Досвед паказаў, што жывая “мікрааналітыка”,
угрунтаваная на прыкладах, якія перад вачыма, можа закранаць і будзіць мясцовых людзей, падводзіць іх да сур’ёзных высноваў і да дзеяння. Калі дзякуючы “Народнаму
журналісту” задумаюцца і пачнуць дзейнічаць хаця б некаторыя людзі — гэта будзе рэальны вынік”.
Паводле Садоўскага, з прыватных прыкладаў відаць агульную палітыку: “Калі інфармацыя надта агульная — яна не
чапляе. Вось масава закрываюць малыя вясковыя (і пераважна беларускія) школы. Вынішчаюць прыватную свінагадоўлю. Замест вясковага жыцця ўкараняюць “аграгарадское”. Усё разам гэта
ёсць зачыстка беларускай зямлі ад яе сапраўдных гаспадароў”.
Сябра журы, рэжысёр тэатру і кіно Валер Мазынскі распавядае, як будуць абірацца пераможцы : “Найлепшыя “народныя журналісты” пішуць і
змястоўна, і вобразна, і таму — запамінальна. Сацыяльна завострана, але без злосці... Іранічна, што яшчэ каштоўней. Праўда, паказаная там, крычыць: трэба падаваць у... пракуратуру! Але ж у
якую?! Таму самыя каштоўныя — тэксты і відэа, што цягнуць за сабой рэакцыю людзей і гатоўнасць браць свой лёс у свае рукі”.
Больш падрабязна пра ўмовы конкурсу можна прачытаць тут.