Раварысты гатовы дапамагчы спраектаваць развадны мост у Гродне, каб пра іх ізноў не забыліся
Развадны пешаходны мост над Нёманам можа бліжэйшымі гадамі паўстаць у Гродне. Такую ідэю абмяркоўвалі на сустрэчы творчых людзей горада са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем. Рэалізацыя прапановаў мяркуецца праз сумесныя з Польшчай, Літвой ці Латвіяй трансмежныя праекты.
Гарадзенскія раварысты прааналіавалі даступную інфармацыю пра будучы мост і прышлі да высновы, што распрацоўшчыкі праекта ізноў праігнаравалі іх інтарэсы — меркаваная шырыня маста надта вузкая для бяспечнага руху на ровары.
Актывісты «Велагродна» звярнуліся да Мечыслава Гоя з лістом, дзе прапанавалі перапрацаваць праект з улікам інтарэсаў раварыстаў і прапанавалі кансультатыўную дапамогу.
Будучы мост плануецца размясціць прыкладна ў раёне грузавога порта, амаль насупраць упадзення Гараднічанкі ў Нёман. Вышыня канструкцыі складзе 2,5 — 3 метры, даўжыня — 68, а шырыня маста — 2,5. Пакуль разглядаюцца два магчымых варыянты развода маста — калі абедзьве часткі падымаюцца кожная на сваім беразе. ці калі пасярэдзіне ракі усталююць апору і часткі маста будуць падымацца ў цэнтр.
Меркаваннем галоўнага архтітэктара інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Александра Захарчука, такое размяшчэнне маста ўдала злучыць Праванаберажную з планаванай пешаходнай зонай уздоўж Гараднічанкі па вуліцы Віленскай. Дапоўніць ландшафт зможа і летні амфітэатр на Леванаберажнай Нёмана. Апроч таго, прадугледжваюць відавыя пляцоўкі на ўваходзе моста з абодвух бакоў і будаўніцтва рачнога маяка ў порце.
Падумалі архітэктары і пра турыстаў — з вышыні адкрыецца добры від на гарадскую гістарычную забудову, а развод мастоў можа збіраць ахвотных паназіраць за незвычайным працэсам.
Па-за ўвагаю распрацоўшчыкаў будучай архітэктурнай цікавосткі засталіся толькі раварысты, мяркуюць прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «ВелаГродна». У лісце да мэра яны звяртаюць увагу кіраўніцтва горада, што колькасць раварыстаў у Гродне штогод павялічваецца, але падчас распрацоўкі горадабудаўнічых праектаў гэты факт часта не ўлічваецца.
«Агучаная ў СМІ шырыня маста 2,5 метры недастатковая для адначасовага руху пешаходаў і раварыстаў» — зазначаюць велаактывісты ў лісце. Для аднаго раварыста шырыня праезжай часткі павінна складаць не менш 1 метра, а з улікам двухбаковага руху — не менш 2,5 метраў.Таксама яны звяртаюць увагу архітэктараў на недапушчальнасць размяшчэння ліхтароў асвятлення на роваравых сцежках маста.
Каб папярэдзіць праблемныя сітуацыі, раварысты прапануюць перапрацаваць заданне на праектаванне маста з улікам магчымасці перамяшчэння на роварах. Пры неабходнасці «ВелаГродна» гатова аказаць кансультатыўную дапамогу праектыроўшчыкам па рэалізацыі канкрэтных вузлоў з улікам еўрапейскага досведу праектавання і ўласнай практыкі.
Паводле t-styl.info