«Разглядае перадачу справы ў Раду Бяспекі ААН». Чаму ICAO зацягвае даклад па «Ryanair»?

Перанос публікацыі даклада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) на люты можа яшчэ аказацца «правільным крокам». Пра гэта заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Франак Вячорка.

Фота «Анлайнер»

Фота «Анлайнер»

«Па нейкіх прычынах лукашэнкаўская дэлегацыя ў ICAO зацікаўленая ў тым, каб хутчэй завяршыць расследаванне па захопе самалёта "Ryanair". Перанос публікацыі даклада на люты можа яшчэ аказацца правільным крокам. Следчая група атрымлівае новыя звесткі, якія не на руку рэжыму», — заявіў Вячорка.

Паводле яго слоў, «ICAO разглядае магчымасць накладання санкцый і перадачы справы ў Савет Бяспекі ААН». Таксама, заявіў ён, перанос публікацыі справы не паўплывае на права Польшчы і Літвы падаць пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН.

Нагадаем, 23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афін у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Мінску. Тады затрымалі былога вядомага беларускага блогера Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Сафію Сапега. Пасля гэтага ў Еўрасаюзе забаранілі беларускім авіяперавозчыкам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору. А еўрапейскае авіяцыйнае агенцтва забараніла ўсе палёты над Беларуссю.

26 кастрычніка ў Радзе Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) распавялі, што выніковы даклад пра інцыдэнт з самалётам «Ryanair» у Мінску могуць разгледзець 12 лістапада. І то калі атрымаюць патрэбную інфармацыю.
Паводле telegraf.by.