Размаўляючы па-беларуску, можна атрымаць бутэльку з журавінамі ў якасці бонуса

Як Вінцук Вячорка бясплатна ездзіў на таксоўцы, а журналістка Адар’я Гуштын схадзіла да фізіятэрапеўта, не заплаціўшы за прыем.



mova1.jpg

Грамадскi дзеяч Вінцук Вячорка распавеў «Салідарнасці», як праз сеціва купляў у прыватнай фірме пральную машыну з дастаткова адчувальнай зніжкай за беларускую мову. Дарэчы, і сайт гэтай фірмы меў беларускамоўную версію.
– Напэўна, гаспадар быў гатовы панесці грашовыя страты для сцвярджэння каштоўнасцяў, якія ен падзяляе, – гаворыць суразмоўца. – Памятаю, аднойчы кіроўца таксоўкі не ўзяў з мяне грошай, пачуўшы беларускую мову. Гэта даволі часта бывае.
На думку Вячоркі, людзі пазітыўна ставяцца да беларускамоўных і часта пераходзяць на беларускую мову ў адказ:

– Гэта сведчыць пра тое, што ў беларускім грамадстве на фоне антыбеларускай палітыкі цепліцца жывы патэнцыял – ставіцца з вялікай любоўю да роднае мовы.


А вось Уладзіміру Някляеву зніжак за беларускамоўнасць не прапаноўвалі.

– Калі ты размаўляеш па-беларуску на вуліцы, у транспарце ці ў краме, 80 адсоткаў беларусаў успрымаюць гэта пазітыўна, – адзначае палітык і паэт. – Але такога, каб я нешта атрымаў задарма, не было. Карацей, мовай не купляюць.


Гарадоцкі краязнаўца Леанід Гаравы ніколі ў жыцці не сутыкаўся са зніжкамі за беларускамоўнасць.
– Ні ў маім горадзе, ні ў Віцебску такога не робяць. Хіба што ў выданнях чытаў пра гэта, – сказаў ен у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці».
Журналістка Адар’я Гуштын на сваей старонцы ў Фэйсбуку падзялілася, як бясплатна запісалася на масаж.


– Прыйшла ў дзяржаўную палiклiнiку. Фiзiятэрапеўт, пачуўшы маю беларускую мову, дастала з шуфлядкi бэйдж з пагоняй i дэманстратыўна паклала побач «Народную волю». Чарга на масаж, на дзiва, адразу знiкла. А ў канцы доктар сказала: «За мой прыём плацiць не трэба. – Ой, што вы, я заплачу! – Не, я настойваю, для вас бясплатна».


Гісторыя журналісткі з цікавасцю абмяркоўвалі яе калегі і сябры. Алена Германовіч расказала, як яе знаёмы ў сталіцы праходзіў медкамісію:

«Павінны былі яго забраць “у боты”. Ён размаўляў па-беларуску, і адна жанчына-урач, калі пачула родную мову, напісала, што ён хворы, і сказала яму, маўляў, давай, сынок, навошта табе тое войска!».


Журналістка Дар'я Ліс некалькі год таму набывала фотаапарат. З прадаўцом яна размаўляла па-беларуску, і ў якасці бонуса за мову атрымала бутэльку гарэлкi з журавінамі.
gazetaby.com