Разважаючы над указам, альбо «Куханька для...»
"На фоне стабільна-татальнага крызісу, зацягвання пятлі драконаўскіх законаў па адцісканні грошай у насельніцтва Указ выглядае ўрачыста здзекліва", — піша ў сваім блогу на bchd.info Таццяна Севярынец.
“Атрымаўшы адказ кіраўніка спраў Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Сысоева на свой зварот наконт куханькі за 1200$ для
аблвыканкаму, палезла ў інтэрнэт шукаць, што ж гэта за указіўка такая. Ёсць!
Праўда, “вытрымкі”, але там знайшла і пералік асобаў, каму дзяржава за кошт і
рэспубліканскага, і мясцовых бюджэтаў надае арэнднае жытло “В целях предоставления отдельным категориям
государственных служащих арендного жилья, создания надлежащих условий для
выполнения ими служебных обязанностей, их безопасности и (или) охраны
государственных секретов…».
На фоне стабільна-татальнага крызісу, зацягвання пятлі
драконаўскіх законаў па адцісканні грошай у насельніцтва Указ выглядае ўрачыста
здзекліва. Увесь яго тут прыводзіць не мае сэнсу — дастаткова такім цікаўным,
як я, залезці ў нэт ды пачытаць, каб яшчэ раз уразіцца цынізмам улады.
Я спынюся на лічбах: колькасць асобаў нацыянальнага маштабу,
якім даецца арэнднае жытло ў Мінску — 217 (прэзідэнт, намеснікі-памагатыя,
міністры, пракуроры, дэпутаты, сенатары); за кошт мясцовых бюджэтаў +77 дзеячаў-рэгіяналаў
+ па два чалавекі па гарадах гарадскога ці абласнога падпарадкавання…
Карацей, добрая тысяча
крывасмокаў набіраецца. А дадаць сюды 16 ці то 18 рэзідэнцый… Дарэчы, кампутар
ніяк не захацеў выдаваць сакрэт, а колькі ж за камунальныя паслугі плацяць
арэндатары? Таямнічая фраза — “у межах базавай адзінкі”.
А, яшчэ Указ прадугледжвае сітуацыі, калі камусьці штосьці не
спадабаецца з “оборудования” (тлумачыцца: мебель, бытовые приборы), то ён мае
права замяніць у межах 25% ад усёй сметы.
Што тут нейкая куханька за 1200$? Пырскі!
Дзе тут здзіўляцца, што 25 кастрычніка 1917 года натоўп
змораных раз’юшаных рабочых і матросаў разнёс ушчэнт Зімовы Палац, гадзіў у
шматмільённыя кітайскія вазы ды рваў шыкоўныя парт’еры на парцянкі.
Скажыце мне, што дзяржаўныя мужы, якія давялі краіну да
дэфолту, маюць права на “надлежащие условия” — не пагаджуся!
Нагадаем,Віцебскі аблвыканкам абвясціў тэндар на выраб кухоннага гарнітура арыентыровачным коштам 2410 рублёў. З патрабаваннем растлумачыць неабходнасць набыцця кухні аблвыканкамам да віцебскіх уладаў звярнулася каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец. Яна атрымала адказ, падпісаны кіраўніком справамі Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Сысоевым, што кухонная мэбля закупляецца для абсталявання арэнднага жылля згодна з указам прэзідэнта № 535 ад 17 лістапада 2014 года.
Паводле bchd.info