У Білеве пасля настойлівых патрабаванняў БХД адкрылі амбулаторую

Пасля шматгадовых настойлівых патрабаванняў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў да ўладаў выканаць абяцанне па адкрыцці ў віцебскім мікрараёне Білева паліклінікі ў ім 21 снежня адчыніліся пяць медыцынскіх офісаў. Урачыстае адкрыццё амбулаторыі, дзе месцяцца гэтыя 5 кабінетаў, адбылося напярэдадні.

amb.jpg

Як паведамляе віцебскі каардынатар БХД і кіраўнік кампаніі «За якасную медыцыну ў Віцебску» Таццяна Севярынец, амбулаторыя месціцца на першым паверсе аднаго з новых шматпавярховікаў па вуліцы Караткевіча. Сюды пераведзена 9 участкаў з паліклінікі №3 — 20000 дарослых жыхароў мікрараёнаў Білева. На кожнага доктара (кожны кабінет працуе ў 2 змены) прыходзіцца па 2000 пацыентаў пры норме 1700. Тут працуюць толькі тэрапеўты, а калі спатрэбіцца здаваць аналізы ці дапамога вузкіх спецыялістаў, хворы павінен усё ж такі выпраўляцца ў паліклініку №3.
«Але ж, як гаворыцца, на бязрыб’е і рак рыба. Пра тое, што паліклініка тут вельмі патрэбна, сведчаць лічбы: усяго за 2,5 гадзіны працы новай амбулаторыі яе наведалі 54 пацыенты», — адзначыла Таццяна Севярынец.
За два гады ў межах кампаніі «За якасную медыцыну ў Віцебску» было сабрана 10000 подпісаў, у тым ліку і за паліклінічны комплекс у Білева, адбыўся шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў, была дасланая процьма зваротаў чыноўнікам.
«І з’явілася ва ўладаў ідэя: паколькі паліклінічны комплекс у Білева пабудаваць зараз ну ніяк немагчыма, адкрыць 5 медыцынскіх офісаў для дарослых і 5 для дзяцей. У Білева больш за 40000 насельніцтва, палова з іх — дарослыя. Улады вырашылі, што больш важна першую амбулаторыю адкрыць менавіта для дарослых. А вось дзеткі пачакаюць, хаця дзіцячыя офісы, па абяцанні начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Юрыя Дзеркача, павінны былі адкрыцца яшчэ ў кастрычніку гэтага года», — падкрэсліла каардынатар БХД.

Паводле bchd.info