«Развялі» чыноўнікаў? Гродзеншчыну наведала фэйкавая дэлегацыя Падляскага ваяводства
Ваўкавыская раённая газета 10 жніўня паведаміла, што ў райцэнтр прыехала дэлегацыя з Падляскага ваяводства, каб наладжваць сувязі з Гродзеншчынай. У Беластоку, сталіцы Падляскага ваяводства, вельмі здзівіліся: рэгіён яшчэ ў сакавіку разарваў стасункі з Гродзенскай вобласцю.
Як пісала ваўкавыская газета, палякі звярнуліся да кіраўніцтва раёна праз консула Беларусі ў Беластоку і папрасілі прыняць іх дэлегацыю «з мэтай устанаўлення дзелавых кантактаў і правядзення перамоваў для ўстанаўлення двухбаковых стасункаў паміж Гродзенскай вобласцю і Падляскім ваяводствам».
«Польскую дэлегацыю, якая скарысталася бязвізавым рэжымам і наведвае наш раён, узначальвае Кшыштаф Талвіньскі — польскі палітык, чыноўнік мясцовага самакіравання», — цытуе газету найбуйнейшы беларускі партал, прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Падчас візіту палякі, як паведамляецца, наведалі гасцініцу, кафэ, аграсядзібу, санаторый, азнаёміліся з «магчымасцямі па прыёме турыстаў». А таксама пабывалі ў музеі і агледзелі шэраг памятных месцаў. Больш таго, Талвіньскі нібыта нават падзякаваў улады Беларусі і раёна за «захаванне памяці аб салдатах, якія спачываюць на тэрыторыі Ваўкавышчыны».
Раёнка не ўдакладніла, якіх салдат ён меў на ўвазе, улічваючы, што ў горадзе нядаўна знішчылі мемарыял на магіле польскіх салдат.
«Мы ўбачылі сапраўдную Беларусь на прыкладзе Ваўкавыска. І мы раскажам аб гэтым палякам. Чысціня, добрыя працавітыя людзі, якія захоўваюць памяць пра мінулае, сваю гісторыю, развіваюць бізнес. Многія палякі павінны скарыстацца магчымасцю без візы прыехаць сюды. Мы павінны сябраваць», — цытуе газета словы Талвіньскага.
Ён, дарэчы, і сам распавёў пра паездку ў сваіх сацсетках, заявіўшы, што мае намер азнаёміцца з турыстычнай базай рэгіёну і сістэмай аховы помнікаў і нацыянальнай спадчыны. Палітык апублікаваў відэа, у якім назваў Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, абвінаваціў Польшчу і ЗША ў спробе звяржэння ўлады ў Беларусі, а ўласны польскі ўрад назваў «варшаўскім рэжымам».
На візіт «дэлегацыі» не маглі не звярнуць увагі ў самым Падляскім ваяводстве, бо Беласток у сакавіку 2022 года разарваў адносіны з Гродзенскай вобласцю з-за саўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. Як у такой сітуацыі прадстаўнік польскіх уладаў мог паехаць у Беларусь? Аказалася, што нехта схлусіў, бо Кшыштаф Талвіньскі даўно не займае ніякіх афіцыйных пасадаў, піша беларускае выданне Беластока «Мост».
«Талвіньскі цяпер не знаходзіцца ні на адной адміністрацыйнай пасадзе. Ён здымае ролікі на YouTube, стварае нейкія партыі. Яшчэ два гады таму ён актыўна ўдзельнічаў у палітыцы, але цяпер ён не з'яўляецца прадстаўніком улады», — сказала выданню крыніца ў мясцовых уладах.
А неўзабаве афіцыйны каментар па гэтай сітуацыі апублікаваў і кіраўнік рэгіёну — маршал Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі.
«Я катэгарычна адмаўляю, што хто-небудзь з гэтай дэлегацыі прадстаўляў самакіраванне Падляскага ваяводства. Ніводная з гэтых асоб не выконвае ніякіх функцый у органах ваяводскага кіравання і не ўпаўнаважаная наладжваць супрацоўніцтва ад імя Падляскага ваяводства», — заявіў Касіцкі.
Паводле яго слоў, як маршал, задача якога — кіраваць справамі ваяводства і займацца яго знешнім прадстаўніцтвам, ён не можа пасіўна назіраць, як неўпаўнаважаныя асобы выступаюць пад выглядам прадстаўнікоў рэгіёну.
«Такія сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў Рэспублікі Беларусь, як апісана ў артыкуле, наносяць шкоду іміджу Падляскага ваяводства і польскай дзяржаве. Таму я неадкладна паведаміў аб гэтай абуральнай справе Міністэрству замежных спраў», — паведаміў маршал Падляшша.
Цікава, калі гэты візіт адбыўся праз беларускае консульства — ці фінансаваў яго якім-небудзь чынам «прымаючы бок»? На фота бачныя падарункі, выдадзеныя гасцям, як водзіцца ў такіх выпадках. На якую суму хітрыя палякі «развялі» ваўкавыскіх чыноўнікаў?