Рэакцыі на прысуд журналісткам: «Неабходны канкрэтныя дзеянні замест крайняй заклапочанасці»

Першыя рэакцыі на прысуд журналісткам Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай, якіх пакаралі 2 гадамі зняволення за рэпартаж з акцыі пратэсту.

11a99752_d63b_463e_872d_54407792e381_w1023_r1_s.jpg


Абедзвюм журналісткам прысудзілі па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Першыя рэакцыі на судовы вырак сабрала Радыё Свабода.


Анджэй Дуда выказаў «рашучы пратэст»

У сувязі з вынясеннем прысудаў журналісткам тэлеканалу «Белсат» прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да свабоды слова і грамадзянскіх правоў. Ён таксама заклікаў амніставаць абедзвюх асуджаных.

Дуда заклікаў краіны Еўрапейскага саюза «салідарна, паслядоўна і рашуча рэагаваць на гэтае далейшае праяўленне падаўлення асноўных правоў і свабодаў».


Святлана Ціханоўская: «Каця і Даша вольныя, як ніхто ў гэтай залі»

У ліку першых на прысуд адрэагавала экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна прапанавала паглядзець на відэа з суда і ўбачыць рэакцыю саміх журналістак на вырак.

«Яны ўсміхаюцца і абдымаюць адна адну. І паглядзіце на рэакцыю сілавікоў. Яны хаваюць твары пад маскамі і нервова ўгаворваюць усіх пайсці з залі. Дык хто з іх у клетцы? Каця і Даша вольныя, як ніхто ў гэтай залі. Іх не ўдалося зламаць ці запалохаць».

Ціханоўская перакананая, што Беларусь даможацца праўды і свабоды — дзякуючы Кацярыне Андрэевай, Дар’і Чульцовай, усім сумленным журналістам, лекарам, праваабаронцам, валанцёрам і ўсім адважным беларусам, і «ў выніку ўсім давядзецца зняць маскі і паглядзець адно аднаму ў вочы».


БАЖ: прысуд вядзе да забароны на прафесію

Беларуская асацыяцыя журналістаў назвала прысуд «палітычна матываваным», а яго мэтай — застрашыць усіх супрацоўнікаў медыя, каб яны не выконвалі сваіх прафесійных абавязкаў асвятлення грамадска значных падзей у краіне, што, па сутнасці, «вядзе да забароны на прафесію».


Міжнародная федэрацыя журналістаў: «Мы супраць гэтага здзеку са справядлівасці»

Найбуйнейшая сусветная журналісцкая арганізацыя — Міжнародная федэрацыя журналістаў — далучылася да заявы БАЖ і патрабуе неадкладна вызваліць журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

«Гэтае рашэнне ганебнае і абсалютна неабгрунтаванае. Мы заклікаем Лукашэнку неадкладна спыніць кампанію запалохвання прэсы і вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Сённяшні вердыкт — відавочная атака на свабоду прэсы, і мы ўсе стаім разам супраць гэтага здзеку са справядлівасці», — заявіў прэзідэнт МФЖ Юнэс Мджахед.


Еўрапейская федэрацыя журналістаў: Патрабуем хуткай і цвёрдай рэакцыі міжнароднай супольнасці

«Гэта накіравана на запалохванне ўсёй прафесіі, на крымінальную адказнасць за журналістыку. Рэпрэсіўны дрэйф рэжыму Лукашэнкі патрабуе хуткай і цвёрдай рэакцыі міжнароднай супольнасці. Мы яшчэ раз заклікаем Еўрапейскі Саюз, Раду Еўропы і АБСЕ не быць саўдзельнікам злоўжыванняў рэжыму», — заявіў прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б’еррэгард.


Віцэ-дырэктар «Белсата»: чорны дзень беларускай журналістыкі

Віцэ-дырэктар «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі палічыў прысуд «чорным днём у гісторыі беларускай журналістыкі і Беларусі». На думку Дзікавіцкага, суд нічога не даказаў, у ім наогул не прагучала ніякіх «сэнсоўных доказаў». Ён спадзяваўся на апраўдальны прысуд калегам.

«Калі б вартавыя парадку звярталі ўвагу на закон, тады дзяўчат трэба было вызваліць яшчэ ў першы дзень і выплаціць кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартай. Цяпер вельмі істотна яшчэ раз паўтарыць імёны людзей, якія спрычыніліся да гэтага цемрашальства, да гэтага злачынства. [...] Cуддзя Наталля Бугук, дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык, а таксама следчыя, якія “расследавалі” гэтую справу, — Ігар Кудзеля, Ігар Курыловіч, — гэта на вашых руках, вашымі рукамі рэжым зрабіў гэтае злачынства».

Дзікавіцкі перасцярог гэтых службовых асоб, каб яны потым не казалі, што іх «прымусілі», бо заўсёды ёсць выбар застацца сумленным чалавекам. Але яны «пайшлі на службовае злачынства і не выканалі нават уласных законаў».


Былы пасол ЗША ў Расіі: Патрэбны канкрэтныя дзеянні

Колішні пасол ЗША ў Расіі Майкл Макфол пасля атрымання звесткі аб суворым прысудзе беларускім журналісткам у сваім твітары запатрабаваў ад палітыкаў дэмакратычных дзяржаў «канкрэтных дзеянняў» замест выказвання «крайняй заклапочанасці».


Саюз журналістаў Украіны: «Унікальнае судовае рашэнне»

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) выказаў салідарнасць з засуджанымі журналісткамі тэлеканала «Белсат» Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’яй Чульцовай.

«Разам з Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў працягваем ціснуць на міжнародныя інстытуцыі, каб абараніць незалежных беларускіх журналістаў. Выказваем падтрымку і салідарнасць калегам з “Белсата” і БАЖ», — заявіў кіраўнік НСЖУ Сяргей Таміленка.

«Унікальнае судовае рашэнне. Журналісцкі стрым, рэпартаж з месца падзеі сёння ў Мінску прызналі “арганізацыяй” і “падбухторваннем” пратэстаў, а дыктафоны, тэлефоны, нататнікі — “небяспечнай зброяй”», — дадаў кіраўнік украінскай журналісцкай арганізацыі.