Рэдактарка "Дняпроўскай праўды" ўбачыла ў праграме кандыдата замах на канстытуцыйны лад

Віцебскаму актывісту Аляксею Гаўруцікаву было адмоўлена ў апублікаванні ягонай праграмы і біяграфічных звесткак у дубровенскай "раёнцы". Рэдактарка заявіла, што ў праграме кандыдата ўтрымліваецца "прыхаваны заклік да змянення канстытуцыйнага ладу і змены ўлады".



b_gaurucikau.jpg

Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", які балатуецца ў Віцебскі абласны савет па Дубровенскім раёне, быў вымушаны тройчы з'ездзіць у рэдакцыю. Але перамовы з рэдактаркай Святланай Шурпаковай плёну не далі:

"Першы раз я паехаў у Дуброўна 4 сакавіка, падаўугазету сваю біяграфію і праграму. Заплаціў грошы з выбарчага фонду. Мяне папрасілі прыехаць 6 сакавіка, каб падпісаць дамову. Прыехаў. Тут рэдактарка мне заявіла, што я ўключыў у праграму непраўдзівыя звесткі. Справа тычылася палітвязня Мікалая Статкевіча: я запісаў яго ў спіс сваіх давераных асоб, але ягоную кандыдатуру "не прапусціла" акруговая камісія. На час падачы матэрыялаў у газету я гэтага яшчэ не ведаў, таму давялося тэрмінова выпраўляць звесткі. Я тут жа ўсе паправіў і напісаў новую заяву, каб надрукавалі мае агітацыйныя матэрыялы. Мяне папрасілі прыехаць яшчэ праз пару дзён. Я прыехаў 10 сакавіка. І тут рэдактарка мне заяўляе, што ў маёй праграме ёсць "прыхаваны заклік да змянення канстытуцыйнага ладу і змены ўлады". І там, маўляў, друкаваць яе не будуць".

Спадар Гаўруцікаў папрасіў рэдактарку даць адказ пра гэта пісьмова, але яна адмовілася. Сказала, што гатова патлумачыць яму ўсё толькі вусна. Але, каб мець доказы, актывіст запісаў усё ў кнігу скаргаў і прапаноў, зазначыўшы, што чакае ад кіраўніцы пісьмовага адказу. Потым звярнуўся са скаргамі ў акруговую выбарчую камісію па Дубровенскай выбарчай акрузе №11 і ў раённую пракуратуру.

"Я напісаў у заяве пра парушэнне выбарчага заканадаўства, бо рэдактарка не мае ніякага права ажыццяўляць цэнзураванне тэкстаў. Калі б я нешта парушыў, то меў бы спагнанне ад выбарчай камісіі, але не ад рэдактаркі "раёнкі”. Цяпер няхай ацэнку яе высновам дадуць кампетэнтныя органы", — разважае актывіст.

І ўдакладняе: "пікантнасць сітуацыі" яшчэ і ў тым, што матэрыялы, прапанаваныя ў газету, у якіх рэдактарка пабачыла "прыхаваныя заклікі", без праблем прагучалі па абласным радыё. Хоць выступ і можна было назваць вострым, але нічога незаконнага рэдакцыя абласнога радыё ў ім не ўбачыла.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 
spring96.org