«Рэпарцёры без межаў» зноў заступаюцца за беларускіх журналістаў

Спыніць усё больш моцны судовы і фінансавы пераслед незалежных журналістаў заклікала беларускія ўлады міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


У паведамленні, распаўсюджаным 18 мая, згадваецца, што з пачатку 2018 года журналісты штрафаваліся не менш як 48 разоў; у асноўным пацярпелі супрацоўнікі тэлеканала «Белсат», які вяшчае з Польшчы, (46 разоў). 
За тыдзень з 8 па 14 мая за працу без акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі было накладзена не менш за 10 штрафаў. За ўвесь 2016 год журналісты штрафаваліся 10 разоў, за 2017-ты — 69. У прыватнасці, летась супрацоўнік «Белсата» Канстанцін Жукоўскі штрафаваўся 10 разоў, сёлета — ужо восем (на 2.300 еўра).
«Рэпарцёры без межаў» звяртаюць увагу на заганнае кола: пераслед прымушае незалежныя СМІ працаваць з-за мяжы, але на журналістаў накладаюцца штрафы, калі яны не маюць акрэдытацыі пры МЗС. Пры гэтым «улады адхілілі шматлікія просьбы «Белсата» аб дазволе адкрыць у Мінску бюро і акрэдытаваць сваіх карэспандэнтаў». У выніку журналісты вымушаныя працаваць нелегальна, маюць праблемы з бяспекай і атрыманнем афіцыйнай інфармацыі.
«Павелічэнне ў геаметрычнай прагрэсіі колькасці штрафаў, накладзеных з пачатку года, сведчыць аб мэтанакіраванай кампаніі з мэтай прымусіць замаўчаць журналістаў «Белсата», — заявіў кіраўнік аддзела «Рэпарцёраў без межаў» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёхан Бір.
Паводле яго слоў, міжнародныя партнёры Беларусі павінны неадкладна зрабіць націск на ўлады, каб пакласці канец судоваму і фінансаваму пераследу незалежных журналістаў. «Патрабаванне аб акрэдытацыі для замежных СМІ павінна быць адмененае», — падкрэсліў Бір.
Беларусь займае 155-е месца сярод 180 краін у індэксе свабоды СМІ «Рэпарцёраў без межаў».
Паводле БелаПАН