Рэжым адміністрацыйны арышт ператварыў у турэмнае зняволенне
Бясконцыя пятнаццацісуткавыя прысуды і катаванні ў вязніцы сустаршыні партыі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, палітвязня Паўла Севярынца выклікалі абурэнне ў дэмакратычнай грамадскасці і кіраўнікоў партый.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, старшыня Беларускага Народнага Фронту Рыгор Кастусёў і старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў лічаць, што ўлада пераўзышла нават свае законы, якія часта супярэчаць здароваму сэнсу.
Віталь Рымашэўскі кажа:
— Па беларускім заканадаўстве, максімум, што могуць даць чалавеку, — гэта 25 сутак. Па логіцы, мусяць людзей выпускаць пасля таго, як яны адседзяць гэтыя 25 сутак. А насамрэч іх там катуюць і трымаюць у вязніцы ў жорсткіх умовах. Па-сутнасці, рэжым вынайшаў такую форму — адміністрацыйны арышт ператварыўся ў такое ж самае турэмнае зняволенне, як і зняволенне па крымінальных артыкулах, нават яшчэ і горшае.
Павел Севярынец ужо месяц знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Ён быў затрыманы 7 чэрвеня ля дома пасля вяртання з акцыі каля Камароўкі. На наступны дзень ён быў асуджаны на 15 сутак арышту. Падчас адседкі яму тройчы працягвалі тэрмін па 15 сутак. Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» у чарговы раз прызнала яго вязнем сумлення.