Рэжысёра Мазынскага пазбавілі пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь
Камісія ў вызначэнні пенсій за асаблівыя заслугі пры Савеце Міністраў пазбавіла даплат вядомага тэатральнага рэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Мазынскага, піша Свабода.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце з подпісам адказнай сакратаркі камісіі Наталлі Пучко.

Там удакладняецца, што, згодна з адпаведным рашэннем ад 16 лістапада (пратакол №6), Валерыю Мазынскаму будзе спыненая выплата пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, пачынаючы ад 1 снежня 2021 году.
Прычыны такога кроку не называюцца.

Мазынскі публічна і паслядоўна крытыкуе цяперашнія ўлады за палітыку ў галіне культуры.
Валеры Мазынскі — беларускі тэатральны рэжысёр, былы галоўны рэжысёр нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску, адзін з ініцыятараў дзяржаўнага тэатру «Лялька» ў Віцебску, стваральнік менскага тэатру «Вольная сцэна». Таксама ставіў спектаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладаў рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.