Рух праз мяжу на Аўгустоўскім канале павялічыўся ў 7 разоў дзякуючы бязвізаваму рэжыму
Водную мяжу на Аўгустоўскім канале з мая да канца ліпеня 2017 перасекла ў тры разы болей турыстаў, чым летась за ўвесь летні сезон. Таксама папулярныя роварныя падарожжы паміж Беларуссю і Польшчай, паведамілі ў аддзеле турызму і культуры Аўгустова.
Агулам рух праз водна-пешаходна-роварны пункт пропуску “Рудаўка-Лясная” вырас ужо ў сем разоў – усё дзякуючы бязвізаваму рэжыму.
“Для нас вельмі важна было адкрыць водны пункт пропуску “Рудаўка-Лясная” і для пешаходаў і раварыстаў. Мы даўно намагаліся гэта зрабіць, — кажа бурмістр Аўгустова Войцех Валюлік. – Сёння бачна, што гэта рашэнне значна павялічыла колькасць турыстаў на Аўгустоўскім канале”.
Ён упэўнены, што колькасць наведнікаў канала штогод будзе толькі павялічвацца, бо зараз яны могуць пабачыць у межах падарожжа адразу дзве краіны.
Паводле дадзеных Польскай памежнай службы, з 28 красавіка да 4 жніўня 2017 у Польшчу з Беларусі заехала 870 чалавек, з Польшчы ў Беларусь – 943 асобы. Сярод агульнай колькасці 1813 чалавек 950 гэта палякі. На байдарках і іншым водным транспарце мяжу перасеклі 642 чалавекі, на роварах 925, пешкі – 246 чалавек.
Для параўнання, у мінулых гадах, калі не было бязвізавага рэжыму і магчымасці праезду роварам, мяжу пераплывала толькі каля 250 чалавек за ўвесь сезона з мая да кастрычніка.
hrodna.life