«Рукі мылі?», або Што трэба ведаць пра дактыласкапічную рэгістрацыю ў Беларусі?

Хто абавязаны здаваць дактыласкапічную інфармацыю і ці могуць адбіраць адбіткі пальцаў сілай — у прававым лікбезе ад праваабаронцаў "Вясны".

daktiloskopia.jpg


25 сакавіка 2018 года на плошчы Якуба Коласа ў Мінску затрымлівалі ўсіх запар: і тых, хто планаваў ўрачыста прайсці да месца правядзення святочнага канцэрта, прымеркаванага да Дня Волі, і простых мінакоў. Да абеду ў раённых РУУС апынулася каля 70 чалавек.
Сярод затрыманых былі і сямёра назіральнікаў ад БХК і ПЦ "Вясна", якія збіраліся правесці маніторынг мірнай акцыі. У некаторых з назіральнікаў былі адабраныя адбіткі пальцаў, у тым ліку з прымяненнем фізічнай сілы і псіхалагічнага ціску — у Таццяны Мастыкінай.
Хто абавязаны здаваць дактыласкапічную інфармацыю і ці могуць адбіраць адбіткі пальцаў сілай — у прававым лікбезе ад праваабаронцаў "Вясны".
1. Што такое дактыласкапаванне?
Паводле Закона «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», дактыласкапаванне — атрыманне адбіткаў скурных узораў, якiя ўтвараюцца папіллярнымі лініямі ногцевых фалангаў і далоневых паверхняў рук, на матэрыяльных носьбітах.
У народзе — «адбіткі пальцаў».
 2. Якія віды дактыласкапічнай рэгістрацыі бываюць?
Вылучаюць абавязковую і добраахвотную дактыласкапічную рэгістрацыю.
Па ўласным жаданні здаць адбіткі пальцаў могуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, па месцы жыхарства або знаходжання на падставе пісьмовай заявы і пры наяўнасці дакумента, які сведчыць асобу.
Непаўналетнія могуць таксама быць добраахвотна дактыласкапіраваны на падставе заявы бацькоў і пры іх прысутнасці з дакументам, які сведчыць асобу, і з пісьмовай згоды саміх непаўналетніх, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту.
 3. Хто падлягае абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі?
Абавязкова здаваць адбіткі пальцаў павінны:

  • грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прызываюцца і паступаюць у добраахвотным парадку на вайсковую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, а таксама якія прызываюцца на альтэрнатыўную службу, праходзяць ваенную службу ў дзяржаўных органах, у якіх прадугледжана ваенная служба, iншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь;
  • грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія праходзяць службу або працуюць у органах унутраных спраў, прафесійных аварыйна-выратавальных службах, падатковых органах, мытных органах, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органах пракуратуры, следчым камітэце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.
  • члены экіпажаў паветраных, марскіх і рачных судоў Рэспублікі Беларусь;
  • асобы, якія працуюць на небяспечных вытворчых аб'ектах;
  • грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, прызнаныя недзеяздольнымі або абмежаваныя ў дзеяздольнасці па рашэнні суда; падазраваныя (абвінавачаныя) у здзяйсненні злачынства альбо асуджаныя за здзяйсненне злачынства;
  • асобы, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках у органах унутраных спраў, асобы, у дачыненні да якіх ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, а таксама асобы, што здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, за якія прадугледжаная адказнасць у выглядзе адміністрацыйнага арышту;
  • замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якiя падлягаюць дэпартацыi або высылцы з Рэспублікі Беларусь;
  • замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якiя прыбылi ў Рэспублiку Беларусь i звярнулiся з хадайніцтвам аб наданні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку, альбо якія маюць часовую абарону, а таксама звярнуліся за атрыманнем дазволу на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, за выключэннем непаўнагадовых, якiя не дасягнулi 14-гадовага ўзросту, і людзей, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту;
  • ваеннаабавязаныя.


 4. А фатаграфавацца абавязкова?
На жаль, так, бо супрацоўнікі органаў унутраных спраў, маюць права вырабляць фатаграфаванне, гукапіс, кіна- і відэаздымку:

  • асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту;
  • асобаў, якія падлягаюць дэпартацыi або высылцы з Рэспублікі Беларусь у прымусовым парадку;
  • асобаў, якія накіроўваюцца ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі Міністэрства ўнутраных спраў;
  • непаўналетніх пры ажыццяўленні прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх;
  • а таксама асобаў, якія стаяць на прафілактычным уліку.


5. Мяне затрымалі і знялі адбіткі пальцаў, але я не здзяйсняў/ла ніякага адміністрацыйнага правапарушэння. Ці законна гэта?
Факт здзяйснення або нездзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння павінен ўстанавіць суд. У выпадку рашэнне суда аб прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту, у вас маюць права адбіраць адбіткі пальцаў.
Праводзіць жа дактыласкапічную рэгістрацыю прымусова ад моманту затрымання да дастаўлення ў суд — незаконна.
Калі ж вам «прапанавалі» здаць адбіткі, паабяцаўшы больш хуткае вызваленне ці нешта яшчэ, а вы пагадзіліся — гэта можа расцэньвацца як добраахвотная дактыласкапія.
6. А што будзе, калі я адмоўлюся ад дактыласкапіі?
Адмова грамадзян, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі, цягне наступленне прававых наступстваў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Прасцей кажучы, вас могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (арт. 23.4 КаАП).
Аднак, ключавымі момантамі тут будуць — ці трапляеце вы ў катэгорыю асобаў, якія абавязаны здаць адбіткі ў гэты час, і ці з'яўляецца патрабаванне супрацоўніка міліцыі «законным»?
7. Ці могуць гвалтоўна правесці працэдуру дактыласкапіі?
Адзін з прынцыпаў аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі абвяшчае, што яе правядзенне не павінна прадстаўляць небяспеку для здароўя чалавека, зневажаць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Відавочна, беспадстаўнае ўжыванне сілы для адбору адбіткаў будзе парушаць гэты прынцып.
Тым не менш, калі прымяненне сілы законна і абгрунтавана, а таксама калі негвалтоўнымі спосабамі спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў зрабіць немагчыма, супрацоўнікі міліцыі могуць яе ўжываць.
8. Што рабіць, калі адбіткі пальцаў усё ж такі ўзялі без належных на тое падстаў?
Вы можаце напісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі начальніку РУУС, у Следчы камітэт і Пракуратуру, а таксама ў суд.
Важна памятаць, што службовыя асобы дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць атрыманне, выкарыстанне, захоўванне i знiшчэнне дактыласкапічнай інфармацыі, нясуць адказнасць за парушэнне правілаў атрымання, выкарыстання, захоўвання і знішчэння дактыласкапічнай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, калі ў вас ўзялі адбіткі пальцаў і адпусцілі без складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, вы можаце звярнуцца з пісьмовай заявай аб яе знішчэнні ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства. Пра знішчэнне названай дактыласкапічнай інфармацыі орган унутраных спраў паведамляе заяўнiку ў тэрмiн не пазней за 30 сутак з дня падачы заявы.
9. А адбор сліны таксама падпадае пад закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі»?
Геномная рэгістрацыя (якую праводзяць пры дапамозе аналізу сліны) не можа праводзіцца прымусова: здаваць ўзоры па-за адміністрацыйным або крымінальным працэсам грамадзяне не абавязаныя. У крымінальным ці адміністрацыйным працэсе адбор узораў для экспертнага даследавання можа быць ажыццёўлены па пастанове адпаведна следчага або асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс, пад пагрозай адміністрацыйнай адказнасці за адмову ад выканання правамернага патрабаванні.
Хоць, варта разглядаць і такі варыянт: узоры бяруцца ў падазраваных, альбо ў асоб, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс; у гэтым выпадку адмова ад здачы узораў можна аргументаваць як рэалізацыю права на абарону.
Распрацоўка закона аб геномнай рэгістрацыі вядзецца даўно, але ў Беларусі ён да гэтага часу не прыняты. Міжнародная дэкларацыя аб генетычных дадзеных чалавека яшчэ ў 2003 годзе вызначыла правамерныя мэты збору, апрацоўкі і захоўвання такіх дадзеных.
Паводле ПЦ «Вясна»