Што рабіць бацькам, калі сын пайшоў у войска
У красавіку і траўні працягваецца прызыў ва Узброеныя сілы Беларусі. Ці стала войска больш празрыстым і адкрытым да кантролю грамадства пасля смерці Аляксандра Коржыча? Пра якія правы варта помніць прызыўнікам і іхнім бацькам?

На гэтыя пытанні адказваюць Леанід Судаленка, юрыст, праваабаронца і бацька двух сыноў, якія адслужылі ў войску, і Сяргей Усцінаў, старшыня ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў».
Бацькі — адзіны дзейсны грамадcкі кантроль
Судаленка: Бацькі могуць запісвацца да камандзіра часткі на прыём хоць штодня, іх абавязаныя прыняць. Толькі бацькі і блізкія сваякі могуць паўплываць на тое, што адбываецца з іх дзецьмі ў войску. Кантроль бацькоў — гэта адзіны дзейны мtханізм, каб сачыць за сваім сынам.
Усцінаў: Некаторая адкрытасць прысутнічае, але рэальна пазітыўных зменаў не так і шмат. Я звяртаўся з канкрэтнымі прапановамі да міністра абароны, у тым ліку па арганізацыі кругласутачнай гарачай лініі. У адказ міністр абароны заявіў, што міністэрства распрацоўвае аптымальны варыянт працы «гарачай лініі», у тым ліку ў кругласутачным рэжыме.
Не цярпець, не баяцца, не плаціць
Судаленка: Бацькі не павінны закрываць вочы на тое, што сын, напрыклад, часта просіць прысылаць грошы. Гэта можа быць міжсалдацкая карупцыя, калі старэйшыя салдаты патрабуюць грошы ад маладзейшых. Быў жа выпадак з шараговымі з Веткаўскага раёну ў частцы ў Берасці. З іх вымагалі 500 рублёў на тыдзень. А калі бацькі не перадавалі грошы, салдат збівалі.
Самае дрэннае, што можа здарыцца, гэта калі салдат цярпіць здзекі. Маці кажа: «Сынок, пацярпі, ну ўсе ж цярпелі. Пацярпі і ты». Але цярпець нельга.
Усцінаў: Ніхто не адмяняе права ваеннаслужачага скардзіцца на катаванні. Такія дзеянні могуць быць абскарджаныя вышэйстаячай службовай асобе і нават у судзе. Галоўнае — не баяцца падыходзіць з гэтым пытаннем да камандзіра і вышэйстаячага афіцэра. Таксама для фіксацыі выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання трэба адразу ж ісці ў медычны пункт і патрабаваць фіксацыі слядоў катаванняў. Адмову медперсаналу трэба абскарджваць каманднаму складу.
Тэлефанаваць штодня
Судаленка: На ўзроўні камандавання частак салдатам звычайна забараняюць браць у войска тэлефоны з камерамі. Я набываў сыну самы просты тэлефон для сувязі. Кожны салдат перад адбоем мае гадзіну вольнага часу. Грамадскасць павінна дамагацца, каб у гэты час салдат меў права ўзяць свой мабільны тэлефон і патэлефанаваць сваякам ды сябрам — каму заўгодна.
У некаторых частках толькі па выходных дазваляюць карыстацца тэлефонам. Гэта мясцовыя ініцыятывы, якія трэба мяняць. Статут воінскай службы не забараняе карыстацца тэлефонам.
Як бацька салдата я павінен ведаць кожны дзень, з якім настроем засынае мой сын у войску. Каб майму сыну забаранілі карыстацца тэлефонам штодня ў вольны час, я біў бы трывогу. Сядзеў бы на асабістым прыёме ня толькі ў камандзіра часткі, але й дамагаўся прыёму ў міністра абароны.

Усцінаў: Карыстанне мабільным тэлефонам — гэта права ўласнасці згодна з Канстытуцыяй і Грамадзянскім кодэксам.
Па артыкуле 152 Статуту ўнутранай службы Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь парадак захоўвання асабістай маёмасці, у тым ліку мабільных тэлефонаў, вызначае камандзір вайсковай часткі. Лічу такі падыход неканструктыўным. Пры такой сітуацыі дадзенае права фактычна нікчэмнае, залежыць ад настрою камандзіра. Праз дазвол на карыстанне тэлефонам салдат заахвочваюць да добрых паводзінаў.
Толькі дакладнае замацаванне права салдата на карыстанне мабільным тэлефонам у нарматыўна-прававым акце, напрыклад, у пастанове Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, будзе пазытыўным крокам у прафілактыцы дзедаўшчыны.
Не маўчаць
Судаленка: Галоўнае — не трэба маўчаць, думаючы, што войска — гэта горб, які трэба паўтара гады несці. Армія — гэта пра іншае. У войска салдат ідзе не дзеля таго, каб цярпець, а каб аддаць доўг Радзіме, што прапісана ў Канстытуцыі.

Усцінаў: Кожны вайсковец павінен разумець, што годная армія будуецца не на боязі таварышаў па службе, а на ўзаемнай павазе. Ад замоўчвання выпадкаў катаванняў, жорсткага ці бесчалавечнага абыходжання лепш не будзе. Беспакаранасць спараджае далейшае беззаконне. Таму ўсе выпадкі трэба абскарджваць, звяртацца да праваабаронцаў і ў СМІ. Катаванні баяцца агалоскі. Цяпер можна нават атрымаць кансультаванне онлайн. Напрыклад, у нашай «Прававой ініцыятыве» праз сайт http://legin.by могуць звяртацца як самі салдаты, так і іх сваякі.
Патрабаваць лекавання
Судаленка: Калі медычная камісія прызнае прызыўніка прыдатным да вайсковай службы, уся адказнасць ляжыць на ёй. Прызыўнік з пэўным захворваннем павінен ісці да камандзіра часткі і патрабаваць лекавання, якое ў яго было да прызыву ў войска.
Калі ж камандзір часткі не можа забяспечыць лекавання, трэба патрабаваць пераходу салдата ў тую частку, дзе гэтае лекаванне можа быць забяспечана. Калі і гэта немагчыма, то варта звяртацца ў медычную частку і патрабаваць лекавання там. Урэшце, салдат мае права звярнуцца ў суд супраць адмовы ў лекаванні, якое яму было прызначана да войска.
Пісаць пра праблемы ў СМІ
Судаленка: Калі камандзір не рэагуе на скаргі салдата, трэба распаўсюджваць інфармацыю пра праблемы ў частцы. Агучваць гэта ў прэсе, публікаваць інфармацыю ў інтэрнэце.
Два гады таму мой сын служыў. Я наведаў камандзіра часткі, сустрэўся з зампалітам. І сказаў яму, што калі хоць нешта здарыцца з маім сынам, заўтра пра гэта будзе вядома ў інтэрнэце. Можа, гэта сапраўды дапамагло, і да майго сына за ўвесь тэрмін ніхто і пальцам не дакрануўся. Усё было толькі паводле статуту.

Вывучыць свае правы і не баяцца звяртацца ў суд
Судаленка: Урэшце, салдат мае права ісці ў суд і даказваць свае правы. Франак Вячорка вылучаўся ў дэпутаты падчас службы. Гэта не забаронена. Праблема ў тым, што салдаты не ведаюць сваіх правоў. Хто ім тлумачыць у ваенкамаце, на што яны маюць права, а на што — не? Толькі абавязкі ім тлумачаць.
Раю бацькам і салдатам шукаць інфармацыю, знаёміцца з правамі сваімі. Зараз магчымасці шырокія. Праз пошук у інтэрнэце можна знайсці адказ на любое пытанне. Было б толькі жаданне.
Таксама можна звяртацца па дапамогу да адвакатаў і праваабаронцаў. Да мяне, урэшце. Я не пакіну ніводнага выпадку без увагі. Давяду да грамадскасці пра тое, што адбываецца ў любой частцы.
Якія правы яшчэ могуць быць абмежаваныя ў войску?

Усцінаў: У першую чаргу прызваныя на тэрміновую вайсковую службу грамадзяне павінны разумець, што цяпер ім прыйдзецца нейкі час жыць па распарадку. І некаторыя правы могуць быць абмежаваныя:
1) Нягледзячы на свабоду думкі і права яе свабодна выказваць, права атрымліваць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, вайскоўцы ня маюць права крытыкаваць загады камандзіра.
2) Грамадзяне, якіх прызываюць на вайсковую службу, абавязаныя прыпыніць сваё сяброўства ў палітычных партыях і іншых грамадскіх аб’яднаннях, якія маюць палітычныя мэты.
3) Права веравызнання прызнаецца, аднак вайскоўцы не маюць права адмовіцца ад абавязкаў вайсковай службы з рэлігійных матываў. Адпраўленне рэлігійных абрадаў магчымае толькі ў вольны ад вайсковай службы час.
4) Для вайскоўцаў, якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу, усталёўваецца шасьцідзённы службовы тыдзень з адным выхадным днём. За ўвесь перыяд вайсковай службы (18 месяцаў) даецца адзін адпачынак тэрмінам на 10 сутак.
5) Абмяжоўваецца карыстанне мабільным тэлефонам.
gomelspring.org