Руская — безальтэрнатыўная мова адукацыі? Мінчанцы далі бланк, дзе мову навучання выбралі за яе

Гэта не проста незаконна, кажа экспертка. Гэта можна разглядаць як крымінальнае злачынства. «Безальтэрнатыўная» форма можа разглядацца і як «падробка дакументаў» (арт. 380 КК РБ), і як «парушэнне раўнапраўя грамадзян» (арт. 190 КК РБ). Заяву аб такіх злачынствах можна падаваць у міліцыю, паведамляе «Белсат».

hoczam_vyuczcca.jpg

Маладая маці з Мінска Аляксандра Рыжкова збіралася аддаць дачку ў першы клас школы, бліжэйшай да дому, да якой сям’я афіцыйна адносіцца. Аднак яна не чакала таго, што пабачыла ў бланку: «Прошу зачислить моего ребёнка в 1 класс с русским языком обучения». Аляксандра хоча, каб дзіця навучалася па-беларуску.

«Я не задавалася пытаннем, як гэта адбываецца, — тлумачыць яна «Белсату». — Як думала: я прыходжу туды, пішу заяву, мяне аўтаматычна залічваюць. Але калі я прыйшла ў школу, мне далі бланк "рускай" заявы. Беларускага варыянту ў іх не было, хоць я спытала, ці ёсць. І там ужо надрукаваны тэкст, упісваеш толькі сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, звесткі дзіцяці, дату і подпіс унізе».

Аляксандра стала перапісваць заяву па-беларуску ад рукі, тады вока і зачапілася за фармулёўку пра мову. Спытала, што зробяць, калі яна напіша пра беларускую мову навучання. Жанчына, якая прымала дакументамі, сцепанула плячыма і сказала, што не ведае.

«Атрымліваецца, іншыя бацькі, якія запаўняюць бланк, не маюць нават выбару: там не прапушчанае месца, не трэба нечага падкрэсліваць — там проста аўтаматычна забіта, што з рускай мовай навучання, — тлумачыць Аляксандра. — Выходзіць, што ў нас нібыта ўсе самі просяць рускую мову навучання».

Яна ўсё ж падала рукапісную заяву з просьбай аб беларускай мове навучання. Праз некалькі дзён ёй прыйшоў ліст ад дырэктара школы: паводле статута школы, беларуская мова навучання не прадугледжаная, таму або пагаджайцеся на рускую, або ідзіце ў гімназію №4, дзе беларуская мова навучання ёсць.

«Я сама хадзіла ў беларускамоўную гімназію №4 у Фрунзенскім раёне, але нам туды хвілін дваццаць, напэўна, трэба будзе ехаць. Магчыма, тут яшчэ ёсць адносна недалёка адна школа, якая год праз год набірае беларускамоўныя класы. Але гэта ў нас стала прынцыповым момантам, — кажа Аляксандра. — Які яшчэ ёсць момант: дзеці, якія ідуць у школу па месцы рэгістрацыі, залічваюцца аўтаматычна, бо ў нас абавязковая адукацыя. У іншыя школы падаюцца заявы на вольныя месцы, то-бок ідзе конкурс — то значыць, не раўназначны ўдзел.

Атрымліваецца, мяне ставяць перад выбарам: ці я пагаджаюся на рускую мову навучання, ці іду ў іншую школу на вольныя месцы, куды могуць і не ўзяць».

Цяпер яна чакае адказу ад аддзела адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска: спытала, як там збіраюцца забяспечыць дзіцяці гарантаванае заканадаўствам права навучання на беларускай мове. 

Гэта незаконна

Прадстаўніца грамадскай кампаніі «Умовы для мовы» Аліна Нагорная кажа «Белсату»: такая форма, дзе не даюць выбару мовы, незаконная. Яна ўжо стварыла інструкцыю на выпадак, калі такія формы будуць трапляцца іншым бацькам.

Шанцы на тое, што такія дзеянні дапамогуць, яна ацэньвае як высокія:

«З дзейнасці "Умовы для мовы" магу сказаць, што, калі чагосьці вельмі хочаш і робіш усё правільна, спакойна і мэтанакіравана, усё будзе, — запэўнівае Нагорная. — Галоўнае, рабіць усё паводле інструкцыі і захоўваць спакой».

Нагорная адзначае, што «безальтэрнатыўная» форма можа разглядацца і як «падробка дакументаў» (арт. 380 КК РБ), і як «парушэнне раўнапраўя грамадзян» (арт. 190 КК РБ). Заяву аб такіх злачынствах можна падаваць у міліцыю.