Рут Уолер — амерыканка, якая памерла для Беларусі (фота)
Шанаваць тых, хто дапамагаў беларускаму народу — гэта наш абавязак, такія словы гучалі над магілай амерыканкі Рут Уолер, што на вайсковых могілках у Мінску.
Традыцыйную акцыю памяці арганізаваў Рух Салідарнасці “Разам”. Прысутныя ўзгадалі пра дзейнасць місіі Арганізацыі аб’яднаных нацый у справе дапамогі і аднаўлення (скарочана ЮНРРА).
У склад той місіі ўваходзілі 15 амерыканцаў і 1 грамадзянін Новай Зеландыі. Місія распаўсюдзіла ў Беларусі больш за 100 тысяч тон харчовых прадуктаў , ратуючы тым самым многіх людзей ад голаду ў паваенныя гады. Сама ж Рут Уолер, якая была сакратаром місіі, памерла ў Мінску, маючы 25 гадоў.
Кажа арганізатар акцыі памяці Алесь Макаеў:
— Дзякуючы Сяргею Мікалаевічу Ханжанкову традыцыйна, з 2010 года, беларусы прыходзяць на магілу Рут Уолер — амерыканскай грамадзянкі, якая ахвяравала жыццё дзеля Беларусі, дзеля дапамогі галадоўцам. Ратуючы падлеткаў, якія танулі, амерыканка захварэла і трагічна загінула. Гэтая гісторыя, на жаль, вядомая толькі вузкаму колу беларускага грамадства.
Прычынай смерці Рут Уолер стаўся хуткацечны менінгіт ды запаленне лёгкіх. Да свайго выезду ў Беларусь Рут Уолер была вядомай спартоўкай на Радзіме, чэмпіёнкай па тэнісе ў штаце Каліфорнія.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтар