Ягор Лебядок: Прыкрывацца асобай старэйшага брата – не паказчык мужнасці і гонару

Абавязацельствы Беларусі і РФ па дамове аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі не забараняюць размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі пад кантролем расійскіх вайскоўцаў, разважае ў сваім тэлеграме ваенны аналітык Ягор Лебядок

zapad_2021.jpg

Учора два расійскіх звышгукавых бамбавікі Ту-22М3 «па рашэнні ваеннага ведамства Беларусі.... выканалі задачы патрулявання ў паветранай прасторы Беларусі». Міністэрства абароны Беларусі адзначае, што «з сённяшняга дня яны будуць выконвацца на рэгулярнай аснове. Гэта меры адэкватнага рэагавання на абстаноўку, якая складваецца».

Ту-22М3 патраплялі ў цэлі на палігоне Ружанскі ў Беларусі 23 верасня 2020 года, калі вучэнні «Славянскае братэрства» былі трансфармаваныя з дробных трохбаковыха, у сур'ёзныя расійска-беларускія. За дзень да гэтага аблёт заходняй беларускай мяжы выканалі расійскія стратэгічныя бамбавікі Ту-160. На наступны дзень — як дэманстратыўны адказ — амерыканскі стратэгічны бамбавік B-52 праляцеў праз Польшчу і ўпершыню (па адкрытых крыніцах) выканаў імітацыю ракетнага ўдару па тэрыторыі Беларусі. Паглядзім, ці будзе гэтым разам такі "адказ".

Год таму перафарматаванне вучэнняў і пралёт расійскай авіяцыі былі паднесеныя як «ініцыятыва Лукашэнкі» і «ў адказ» на перакідванне амерыканскага батальёна, узмацненне палётаў авіяцыі і авіяразведкі ўздоўж беларускай мяжы. Сёння гучыць тая ж песня.

Узмацненне расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі (пралёты авіяцыі, размяшчэнне расійскіх С-400 і Су-30 і інш.) падаюцца выключна як ініцыятыва Лукашэнкі. Гэта дазваляе захаваць яго твар, маўляў, не ідзе на саступкі Пуціну пад ціскам, а сам ініцыюе (асабліва кантрастуюць такія «ініцыятывы» на фоне яго папярэдніх выказванняў).

Расійская і беларуская прапаганда, гаворачы аб "адэкватным рэагаванні", ніколі не кажа, з якой нагоды і ў адказ на што пачынаюцца дзеянні паблізу межаў, і не згадвае аб дынаміцы сваіх сіл там. Напрыклад, размяшчэнне расійскіх С-400 пад Гродна падаецца як нешта ў рамках супрацоўніцтва, а перамяшчэнне польскіх СПА са звычайнымі ЗРК «Куб» называюць падрыхтоўкай да вайны.

Пралёт Ту-22М3 не варта звязваць са змяненнем ваеннай дактрыны СД, міграцыйным крызісам, перасоўваннямі войскаў Польшчы ці ўзмацненнем разведавіяцыі NATO. Гэта працяг пашырэння вайсковай прысутнасці Расіі ў Беларусі, што пачалося задоўга да гэтага. Гэтыя падзеі —толькі добры інфармацыйны фон, якім можна прыкрыць такія дзеянні. Для Лукашэнкі гэта дазваляе захаваць твар, для Пуціна — падаваць гэта як "адэкватную" меру па абароне саюзніка, а не ваенную экспансію.

Пераход на рэгулярную аснову пралётаў расійскай стратэгічнай авіяцыі над Беларуссю прывядзе да неабходнасці дзеянняў NATO, што потым прапаганда будзе паказваць як варожыя і пад соусам якіх можна яшчэ што-небудзь размясціць. Ту-22М3, Ту-160 здольныя несці ракетна-бомбавую ядзерную зброю. Абавязацельствы Беларусі і РФ па дамове аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі не забараняюць размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі (ЯЗ) пад кантролем расійскіх вайскоўцаў — гэтак жа, як і пралёт авіяцыі з ЯЗ. Гэты фактар могуць раскручваць дзеля ціску на ЕС як павышэнне ставак. Калі заходнія палітыкі будуць кансультавацца са сваімі вайскоўцамі, а не рэагаваць на такія захады, асабліва з палітычных меркаванняў, то пагроза не асабліва спрацуе. У любым выпадку, у такім палітычным ходзе падзей у цяперашніх умовах Лукашэнка — не палітычны суб'ект, а пытанне будзе вырашацца ЕС і ЗША з Расіяй. Гэтак жа, як і па крызісе з мігрантамі Меркель тэлефануе Пуціну, пры тым што ў Расіі ідзе кампанія па дыстанцыяванні Пуціна ад дзеянняў Лукашэнкі з мігрантамі, учора і Макей адпрацаваў на гэтую тэму. Дзеянні РФ у тут нагадваюць палітыку кшталку: «Самоса, можа, і сучкаў сын, але гэта наш сучкаў сын».

Цікава назіраць, як дзейнічае прапаганда ў пралукашэнкаўскіх ТГ-каналах на гэты конт: у нас такая сіла, змагары зараз пачнуць верашчаць. Не ведаю, дзе гадаваліся гэтыя спадары, але ў нармальных мужыкоў тых, хто прыкрываецца абаронай старэйшага брата ці яшчэ каго моцнага і дастае ўсіх і ды робіць брыдасці, заўсёды не вельмі паважалі. З той жа оперы: «Галантарэйшчык і кардынал — гэта сіла!». Гэта дакладна не паказчык мужнасці і гонару. Сумняваюся, што нашы сілавікі, у адрозненне ад прапагандыстаў, гадаваліся ў іншых умовах, каб не разумець гэтага.