Рыгору Кастусёву падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да лютага

Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы – да 12 лютага 2022 года. Пра гэта распавяла дачка палітыка Кацярына Кастусёва, паведамляе сайт партыі.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Цяпер Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў рэспубліканскай турэмнай бальніцы ў СІЗА-1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску, куды яго перавялі напрыканцы лістапада з СІЗА КДБ у сувязі з абвастрэннем шэрагу хваробаў.
Кацярына Кастусёва распавяла сайту “Магілёўскі рэгіён”, што на мінулым тыдні яна наведала СІЗА-1 і паразмаўляла з урачамі Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных. Па яе словах, урач пацвердзіў, што ў бацькі анкалагічнае захворванне, але разам з тым сцвярджаў, што патрэбы ў тэрміновай аперацыі пакуль няма. Медыкам зараз важна ведаць вынікі аналізаў Кастусёва шматгадовай даўніны, каб назіраць за дынамікай захворвання і выбраць правільныя метады лячэння, сказаў ёй доктар. Для атрымання гэтай інфармацыі медыкам патрэбна зрабіць запыт у бальніцу, у якой Кастусёў назіраўся, калі знаходзіўся на волі. Чаму ў турэмнай бальніцы не зрабілі гэтага раней, калі летам гэтага года Рыгор Кастусёў праходзіў курс лячэння ў турэмнай бальніцы ў СІЗА-1 на Валадарскага, Кацярына не разумее. Тады Рыгора Андрэевіча перавялі ў турэмны шпіталь з-за праблем з сэрцам.
Доктар таксама паведаміў Кацярыне Кастусёвай, што вынікі апошняга УГД сэрца Кастусёва паказалі рубец на сэрцы, палітык “на нагах” перанёс інфаркт. Разам з тым урач нічога не распавёў пра тое, якім чынам у бальніцы збіраюцца лячыць Кастусёва. Пакуль дактары робяць неабходныя аналізы і праводзяць разнастайныя даследванні наконт стану яго здароўя.
Кацярына кажа, што днямі з бацькам у турэмным шпіталі сустракаўся адвакат. Рыгор Андрэевіч адчувае сябе лепш, трымаецца малайцом. Разам з тым Кастусёў не ведае, якое рашэнне наконт яго далейшага лячэння прымуць дактары.
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове яшчэ 12 красавіка гэтага года. Старышню БНФ абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады. З таго часу палітык знаходзіцца за кратамі. Рыгор Андрэевіч неаднаразова падаваў хадайніцтвы аб змене меры стрымання ў сувязі са станам здароўя, аднак яны адхіляліся альбо ігнараваліся.
Кацярына Кастусёва распавяла “МР”, што супрацоўнікі КДБ днямі паведамілі ёй аб накладанні арышту на аўтамабіль бацькі. Верагодна, пра стары аўтамабіль забыліся, калі раней накладалі арышт на кватэру і гараж палітыка ў Шклове, яго бацькоўскую хату ў аграгарадку Цяхцін Бялыніцкага раёна, а таксама на кватэру ў Магілёве, дзе жыве маці жонкі палітыка Ларысы Кастусёвай. Пажылая 81-гадовая жанчына перааформіла гэту кватэру на сваю дачку.