Са школьных бібліятэк загадалі прыбраць кнігі «антыдзяржаўнай скіраванасці»
Міністэрства адукацыі просіць прыбраць са школьных бібліятэк кнігі пра вайсковую гісторыю Беларусі, паведамляе «Еўрарадыё».
![Са школьных бібліятэк загадана прыбраць "антыдзяржаўныя" кнігі / "Белсат" Са школьных бібліятэк загадана прыбраць "антыдзяржаўныя" кнігі / "Белсат"](/img/v1/images/knihi_1806_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Са школьных бібліятэк загадана прыбраць "антыдзяржаўныя" кнігі / "Белсат"
У беларускія школы быў разасланы ліст з Міністэрства адукацыі з просьбай прыбраць з бібліятэк кнігі выдавецтва "Харвест" (у лісце назва напісаная з памылкай — "Харвет") пра вайсковую гісторыю Беларусі. У гэтых выданнях эксперты Міністэрства абароны выявілі "антыдзяржаўную" прапаганду. Здымак ліста публікуе "Белсат".
Пад забарону трапілі кнігі Віктара Ляхора "Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета" (Мінск, 2019) і "Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры" (Мінск, 2014).
"Ва ўказаных выданнях змяшчаецца непраўдзівая інфармацыя, якая змяшчае элементы прапаганды антыдзяржаўнай скіраванасці", — заяўляюць чыноўнікі.