СААЗ прызнала, што «брытанскі» варыянт каронавіруса распаўсюджваецца хутчэй за звычайны
Новы штам каронавіруса, выяўлены ў снежні ў Вялікабрытаніі, распаўсюджваецца хутчэй, чым звычайны варыянт. Пра гэта заявіла ў пятніцу на брыфінгу эксперт Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Марыя ван Керкхове.
![52988016_401.jpg 52988016_401.jpg](/img/v1/images/52988016_401.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
"Новая інфармацыя паступае пастаянна, — адзначыла яна. — Апошнія даныя сведчаць, што звычайны варыянт распаўсюджваецца не так хутка, як выяўлены ў Вялікабрытаніі штам. І тут мы абапіраемся на рэпрадуктыўную колькасць, якая павялічылася з 1,1 да 1,5".
У той жа час, падкрэсліла ван Керкхове, наяўная інфармацыя сведчыць аб тым, што няма ніякай розніцы ў тым, якім чынам распаўсюджваецца вірус. "Адпаведна, няма ніякіх зменаў у адносінах да таго, як мы павінны супрацьстаяць гэтаму варыянту, у тым ліку выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны, — сказала эксперт. — Аднак нам неабходна працаваць больш старанна, каб перарываць ланцужкі перадачы. А ўскладняецца гэты працэс тым, што паралельна працягвае цыркуляваць і звычайны варыянт каронавіруса".
У тым, што тычыцца смяротнасці і заразнасці, "няма ніякіх сведчанняў таго, што выяўлены ў Злучаным Каралеўстве варыянт з'яўляецца больш небяспечным", дадала яна.
У сярэдзіне снежня брытанскія навукоўцы паведамілі аб выяўленні мутаванага варыянту каронавіруса, з якім можа быць звязана хуткае распаўсюджванне выкліканага ім захворвання ў паўднёва-ўсходняй частцы Англіі. Па папярэдніх даных, новы штам можа быць на 70% больш заразным.
tass.ru