Сацыёлагі НАН: Большая частка насельніцтва гатовая да павышэння пенсійнага ўзросту на год

Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вывучыць меркаванне насельніцтва аб магчымым павышэнні пенсійнага ўзросту падчас рэгулярнага апытання ў сакавіку, паведаміў 5 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар інстытута Ігар Катляроў.



pensii_245.jpg

Фота з сайта belapan.by
Перад тым як уключыць адпаведныя пытанні ў анкету, на базе інстытута пройдзе спецыяльны семінар, у якім чакаецца ўдзел міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яны Шчоткінай.
Як зазначыла загадчыца аддзела сацыялогіі сацыяльных інавацый Інстытута сацыялогіі Віялета Шухатовіч, пакуль у інстытуце аперуюць звесткамі папярэдніх апытанняў. "На самай справе, усе бачаць і ўсе ведаюць, які ўзрост выхаду на пенсію ў нашых суседзяў, усе ведаюць эканамічную сітуацыю ў Беларусі, таму я б сказала так: людзям не хацелася б гэтага павышэння, але яны з разуменнем ставяцца да таго, што пенсійны ўзрост будуць павышаць", — сказала Шухатовіч.
Наша дзяржава, дадала яна, выбрала "мяккі шлях, абраўшы такую меру, як адкладванне выхаду на пенсію з атрыманнем пэўных бонусаў". "Згодна з нашымі апытаннямі, прыкладна 18% насельніцтва, якое працуе, у 2013 годзе зазначыла, што яны гатовыя адкласці ўзрост выхаду на пенсію з умовай павышэння пенсіі", — сказала сацыёлаг.
Паводле яе слоў, "большая частка насельніцтва, якое працуе, гатовая да таго, што гэты ўзрост павысіцца на год". "Вядома ж, гэтыя змены не павінны быць рэзкімі, але калі сапраўды ўзнікне такая фінансавая неабходнасць, і яна ўжо абмяркоўваецца, то да гэтага паступовага пераходу наша насельніцтва гатовае, але менавіта да паступовага", — падкрэсліла Шухатовіч.
Нагадаем, у кастрычніку 2015 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што пытанне пра магчымае павышэнне ў краіне пенсійнага ўзросту павінна "вырашацца праз людзей". "Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды", — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.
17 снежня міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна паведаміла журналістам, што міністэрства свядома адышло на час ад абмеркавання тэмы павышэння пенсійнага ўзросту. Зараз вельмі важна, "што кажа грамадства, якія прапануюцца шляхі вырашэння пытання", сказала яна. Такім чынам міністэрства "выконвае наказ прэзідэнта аб тым, што пытанні трэба абмеркаваць з грамадствам", дадала Шчоткіна.
Паводле звестак Мінпрацы, якія 4 студзеня прывяла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння міністэрства Ларыса Яшкова, пенсіянеры ў Беларусі складаюць 27% насельніцтва, з іх чвэрць працягваюць працаваць. Чакаецца, што да 2020 года доля пенсіянераў павялічыцца да 29%.
У Мінпрацы падкрэсліваюць, што на постсавецкай прасторы засталіся толькі тры дзяржавы з ранейшым пенсійным узростам (60 гадоў для мужчын і 55 гадоў для жанчын) — гэта Беларусь, Расія і Узбекістан.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН