Саўмін павінен вынесці рашэнне па папраўках у артыкул 328 КК на працягу дзесяці дзён
Пра гэта заявілі на сустрэчы рабочай групы ў Палаце прадстаўнікоў. Сустрэча доўжылася каля дзвюх гадзін. Старшыняваў кіраўнік пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянцін Міхневіч.
Прыняць удзел у сустрэчы запрасілі членаў Саўміна, начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Генадзя Казакевіча, а таксама прадстаўнікоў сваякоў асуджаных па арт. 328 КК — Таццяну Канеўскую і Ліяну Шубу.
Па словах Канеўскай, было «вельмі складана, вельмі эмацыйна і змястоўна».
«У прынцыпе наркакантроль супраць змяненняў у арт. 328, хоць ужо не так катэгарычна, мне здаецца, таму што былі вельмі важкія аргументы, — сказала маці асуджанага па арт. 328 Таццяна Канеўская. — Галоўны аргумент з боку наркакантролю — узмацненне жорсткасці заканадаўства дазволіла палепшыць сітуацыю з наркотыкамі. Мы, у сваю чаргу, згодныя з тым, што меры ўзмацнення жорсткасці, напэўна, патрэбныя былі ў той момант, удалося знізіць наплыў наркотыкаў. Але цяпер трэба выкарыстоўваць не толькі пугу, але і пернік, трэба даць магчымасць змякчыць пакаранне».
Канеўская падкрэсліла, што Саўмін павінен прыняць канчатковае рашэнне на працягу тыдня ці дзесяці дзён. «Нам так сказалі на сустрэчы. Альбо Саўмін адкліча гэтыя папраўкі, альбо яны застануцца ў Палаце прадстаўнікоў, і тады дэпутаты будуць галасаваць за іх у другім чытанні», — сказала Канеўская.
Законапраект з папраўкамі ў арт. 328 КК парламент разгледзеў вясной мінулага года. Гэтаму спрыяла галадоўка актывістак ініцыятывы «Матчын рух 328», якая доўжылася 15 дзён. Праект закона аб унясенні змяненняў у шэраг кодэксаў прайшоў першае чытанне, у ім з'явілася палажэнне аб зніжэнні ніжняй мяжы пакаранняў па чч. 2 і 3 арт. 328 КК. Аднак пры разглядзе ў другім чытанні на восеньскай сесіі змякчальныя папраўкі ў арт. 328 з законапраекта былі вынятыя.
20 снежня 2018 года Міхневіч на сустрэчы са сваякамі асуджаных па дадзеным артыкуле паведаміў, што папраўкі плануецца разгледзець у другім чытанні на вясенняй сесіі парламента.
2 красавіка бягучага года — у дзень адкрыцця сесіі — каля 30 сваякоў асуджаных прыйшлі да Дома ўрада, каб даведацца пра тэрміны разгляду дэпутатамі змяненняў у антынаркатычны артыкул.
Тады стала вядома, што Саўмін не ўзгадніў прапановы аб зменах у арт. 328 з-за пазіцыі МУС.
У Палаце прадстаўнікоў было вырашана правесці сустрэчу рабочай групы з удзелам у тым ліку прадстаўнікоў МУС для абмеркавання пытання аб змякчэнні пакарання па арт. 328 КК. Па патрабаванні сваякоў асуджаных на сустрэчу запрасілі Канеўскую і Шубу.
naviny.by