Сем гадоў без Веранікі

20 кастрычніка споўнілася сем гадоў, як з намі няма нашай калегі, цудоўнай таленавітай журналісткі і проста вельмі і вельмі добрага чалавека Веранікі Чаркасавай. Невядомыя злыдні (ці злыдзень) жорстка забілі Вераніку ў яе кватэры. Дагэтуль злачынцы не знойдзеныя. (На здымку: Калегі і сваякі Веранікі Чаркасавай каля магілы забітай журналісткі)



cf8c9be2a4508a24ae92c9d3d379131d.JPG

20 кастрычніка споўнілася сем гадоў, як з намі няма нашай калегі, цудоўнай таленавітай журналісткі і проста вельмі і вельмі добрага чалавека Веранікі Чаркасавай. Невядомыя злыдні (ці злыдзень) жорстка забілі Вераніку ў яе кватэры. Дагэтуль злачынцы не знойдзеныя.

(На здымку: Калегі і сваякі Веранікі Чаркасавай каля магілы забітай журналісткі)


У чацвер, у гадавіну дзікага забойства, на Каладзішчанскія могілкі, што непадалёк ад Мінска, традыцыйна выправіліся родзічы, сябры і калегі Веранікі Чаркасавай. Кветкі, знічкі і лампады ляглі каля сціплых праваслаўных крыжоў на месцы апошняга прытулку Веранікі і яе бацькі, таксама журналіста Анатоля Чаркасава, побач з якім пахавалі забітую. Тут, каля магілы, тыя, каму памяць пра Вераніку вельмі дарагая, такая ж дарагая, як ім была сама маладая і прыгожая жанчына пры жыцці.
Журналісты Леанід Міндлін, Алена Якжык, Аляксандр Коктыш, Любоў Лунёва, старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Жанна Літвіна сказалі шмат добрых слоў пра Вераніку. Алена Якжык узгадала апошні дзень жыцця журналісткі, з якой яны побач працавалі ў рэдакцыі газеты “Салідарнасць. “Вераніка прыйшла такая вясёлая, у шыкоўным паліто, яна жартавала… Нічога не казала пра тое, што нешта можа здарыцца… Я дагэтуль не магу спакойна знаходзіцца на могілках, слёзы душаць, калі ўзгадваеш гэтага чалавека,  — сказала Алена. Па словах Аляксандра Коктыша, Вераніка заўжды была вельмі светлым і аптымістычным чалавекам, хоць ёй часцяком даводзілася пісаць пра зусім невясёлыя тэмы. “Мы дзевяць гадоў таму разам вярталіся з паездкі ў Швейцарыю, гаварылі пра жыццё, пра тую няпростую сітуацыю, у якой апынулася Беларусь. Мне падавалася, пра што я і казаў, што мала прычын спадзявацца на нешта станоўчае. Але Вераніка адказала: “Саша, заўжды трэба заставацца аптымістам! Такой аптымісткай Вераніка і заставалася да самага апошняга моманту, — адзначыў журналіст. 
Жанна Літвіна падкрэсліла, што дагэтуль нічога не вядома пра таго ці пра тых, хто здзейсніў гэтае страшэннае злачынства. “У нас баліць душа па Вераніцы Чаркасавай, па Змітру Завадскаму, а цяпер яшчэ і па Алегу Бябеніну… Гэта ўжо традыцыя, што 20 кастрычніка мы прыязджаем сюды, да магілы Веранікі. Але я не ведаю, як яшчэ можна дапамагчы суцішыць той боль, які і сёння нясуць у сабе маці і тата Веранікі, яе самыя блізкія людзі, — сказала старшыня БАЖ. 

Як паведаміў прэс-службе БАЖ напярэдадні сёмай гадавіны забойства журналісткі памочнік пракурора горада Мінска Сяргей Балашаў, следства па справе Веранікі Чаркасавай па-ранейшаму прыпынена “ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага. “Па справе вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, вынікі якіх заслухоўваюцца на аператыўных нарадах, — паведаміў Балашаў. Праўда, удакладніць, калі апошні раз па справе Чаркасавай была такая нарада, ён адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу следства. “Пакуль рэальных доказаў аб датычнасці каго-небудзь да гэтага забойства няма, — рэзюмаваў памочнік пракурора.

Цётка, маці і стрыечная сястра Веранікі Чаркасавай

Вінаватых няма, злачынства не раскрытае. На мове міліцыянтаў гэта завецца “вісяк. Але тыя, хто 20 кастрычніка быў на магіле Веранікі Чаркасавай, былі адзіныя ў тым меркаванні, што надыдзе час, калі і забойства Веранікі, і знікненне Дзімы Завадскага, і трагічная смерць Алега Бябеніна будуць раскрытыя. І людзі даведаюцца, хто, навошта, за што…

Маці Веранікі Дыяна Чаркасава падзякавала ўсім, хто прыехаў на могілкі. “Вы нас вельмі  падтрымліваеце тым, што не забываецеся на Вераніку, што кожны год прыязджаеце сюды. Вялікі вам усім дзякуй, — з такімі словамі развітвалася з прысутнымі ветэран беларускай журналістыкі Дыяна Чаркасава. 
Калі мы ўжо ад’язджалі з могілак, на фоне шэрага неба, пад імжыстым дажджом на магіле Веранікі гарэлі знічкі і лампадкі. Гэта наша памяць пра калегу, сяброўку і цудоўную жанчыну, жыццё якой скончылася так рана і так трагічна. Валадарства Табе нябеснае, Вераніка…