Севярынец: «Кампанія супраць рэстарану «Поедем поедим» актывізуецца з верасня»
На пачатку верасня абаронцы Курапатаў прэзентуюць адмысловы сайт, дзе будуць выкладзеныя ўсе матэрыялы наконт байкоту рэстарану «Поедем поедим». У першай дэкадзе верасня плануецца мітынг у Курапатах, паведамляе «Радыё Свабода».
Такое рашэнне прынята ў пятніцу на
штотыднёвым аператыўным сходзе. Яго правёў сустаршыня БХД Павел Севярынец, які
16 жніўня выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту.
«Пакуль кампанія байкоту ідзе мэтава, адрасна, паціху, але з верасня мы актывізуемся», — запэўніў Севярынец.
У спісе актыўных пастаўшчыкоў і вытворцаў рэстарацыі «Поедем поедим» — фірма «Марозпрадукт» з Мар’інай Горкі, які пастаўляе марозіва «Пламбір 20 капеек»; Слуцкі хлебазавод, які вырабляе хлеб пад назвай «Бульбаш» (менскія хлебазаводы пасля тлумачальнай працы адмовіліся ад паставак); «Е-дастаўка» — структура «Еўраопта», якая дастаўляе прадукты па Мінскай вобласці; «Бабруйскі бровар» (Лідскі піўзавод пастаўляць піва адмовіўся), Vino&Vino, некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў.
«Мы агучваем фірмы па чарзе, бо пасля
таго, як іх заўважылі каля рэстарацыі, мы дасылаем ім ліст з тлумачэннямі і
просьбай адмовіцца пастаўляць сваю прадукцыю ў „Поедем поедим“. Калі яны цягам
тыдня не адказваюць, абаронцы ўключаюць іх у спіс байкоту. Мы вытрымліваем „час
прыстойнасці“, даем ім магчымасць падумаць, адказаць нам і адмовіцца», — кажа
Павал Севярынец.
У спісе асобаў, якім актывісты абвясцілі «персанальны байкот», застаюцца тыя ж 35 прозвішчаў, што былі ўнесеныя два тыдні таму. Ёсць іх біяграфіі, фатаздымкі. Па чарзе звесткі пра іх будуць выстаўляцца на сайт байкоту.
Севярынец паведаміў таксама, што была праблема з вартай у чацвер, бо пасля сыходу партыі БНФ з Курапатаў складана было закрыць гэты дзень. Але з’явілася ініцыятыўная група, якая ўзяла дзяжурства ў чацвер на сябе.
«Зараз задача — дзень прастаяць і ноч пратрымацца, бо жнівень — вельмі цяжкі месяц, людзі ў адпачынках, на вакацыях. Так што просім неабыякавых людзей далучацца да варты ў Курапатах», — запрашае Севярынец.
Прынята рашэнне з тых ахвяраванняў, якія людзі пералічвалі на рахунак ці перадавалі на абарону Курапатаў, дапамагчы асобным актывістам, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным стане (некаторым паадключалі святло, газ, інтэрнэт).
«Што да пазову Ізраілевіча да газеты „Новы час“ на 40 тысяч рублёў, будзем падключаць юрыстаў. Грамадства на нашым баку, думаю, што яны прайграюць гэты суд калі не ў адміністрацыйным сэнсе, то ў маральным дакладна», — кажа Севярынец.
Паводле Севярынца, у будзённыя дні наведнікаў бывае максімум 10 чалавек, у выходныя 15–20, пра рэнтабельнасць і прыбытак размова не ідзе.