За салют ля Курапатаў на Зайдэса склалі скаргу ў пракуратуру

Абаронцы Курапатаў падрыхтавалі заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі на гаспадароў рэстарацыі «Поедем поедим», якая месціцца побач з мемарыялам памяці ахвяр сталінізму ў Курапатах. Цяпер ідзе збор подпісаў пад скаргай, перадае «Радыё Свабода».

38deed45_b130_4ce3_927b_080f1d86b083_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Нагодай стала вяселле з салютам і феерверкамі, якое 17 жніўня зняў на відэа актывіст Зміцер Дашкевіч.
«Па гэтым выпадку абавязкова будзем падаваць заяву ў Генпракуратуру, — сказаў Свабодзе сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. — Бо не толькі сам Леанід Зайдэс (адзін з заснавальнікаў рэстарацыі — РС) не стрымаў слова, парушаныя ўласна прадпісанні Генпракуратуры, не кажучы пра ўсе маральныя нормы. Таму будзем прапаноўваць шэраг контрзахадаў. Заява будзе перададзеная бліжэйшымі днямі».
Генеральная пракуратура паведаміла, што зямельны ўчастак пад рэстарацыяй «Поедем поедим» мае «абцяжаранне ў выкарыстанні». У прыватнасці тут выключаюцца ўсе віды «гучных мерапрыемстваў» і арганізацыя адпачынку на адкрытым паветры.
Абмежаванне тлумачылася «неабходнасцю выключыць парушэнне сакральнага характару прылеглай з усходняга боку гісторыка-культурнай каштоўнасці».
20 ліпеня падчас брыфінгу для СМІ бізнесовец Леанід Зайдэс падкрэсліў, што гэта сямейная рэстарацыя, а не забаўляльны комплекс. Ён гарантаваў, што там не будзе гучнай музыкі, фестываляў і феерверкаў. Не прайшло і месяца, як над Курапатамі прагрымеў вясельны салют.
Паводле Паўла Севярынца, іншыя варыянты адказу заснавальнікам забаўляльнай установы будуць абмяркоўвацца ў пятніцу, падчас традыцыйнай сустрэчы абаронцаў Курапатаў.
Апроч таго, на нядзелю 9 верасня ва ўрочышчы, дзе ў 1930-х адбываліся расстрэлы «ворагаў савецкай улады», запланаваная масавая акцыя. Асноўны пасыл — «Абаронім Курапаты разам!».