Школьніцу збіла настаўніца за адмову слухаць афіцыйны гімн

У Баранавічах настаўніца сярэдняй школы №14 збіла чацвяракласніцу, вучаніцу адзінага ў горадзе беларускамоўнага класу Ясю Малашчанку, за адмову слухаць афіцыйны гімн.



s7823_1321369029_1.jpg

Як распавядае маці дзяўчынкі, каардынатарка аргкамітэту БХД Тацяна Малашчанка, інцыдэнт здарыўся на ўроку музыкі, калі настаўніца распавядала пра афіцыйныя дзяржаўныя сімвалы. На гэта дзяўчынка заявіла, што лічыць гімн дрэнным, бо ў ім не спяваецца пра Бога, і назвала сваім гімнам спеў "Магутны Божа".

На гэта настаўніца паспрабавала пераўпэўніць дзяўчынку ў важнасці афіцыйнага гімна, распавядаючы пры гэтым пра свае ўяўленні пра тое, як хораша жылося ў СССР. Затым яна пачала спяваць афіцыйны гімн, але, убачыўшы, што Яся закрыла вушы рукамі, накінулася на яе, пачала адцягваць яе рукі ад вушэй і біць па руках. Калі ж даведзеная да слёзаў дзяўчынка паспрабавала выйсці з кабінету, чалавек, які мусіць вучыць разумнаму, добраму і вечнаму, пачала здзіраць з яе заплечнік, працягваючы біць па руках. Затым яна выйшла з класу, прыгразіўшы распавесці пра ўсё завучу, але хутка вярнулася і адпусціла расплаканую дзяўчынку з урока.

Маці Ясі Малашчанкі прычыны такіх паводзінаў настаўніцы не разумее і кажа, што ў мінулыя гады яна сябе так не паводзіла. "Я разумею, калі б яна запатрабавала дачку пакінуць клас, зрабіла б заўвагу ці гэта далей. Але ж тое, што яна пачала біць, я лічу недапушчальным", — падкрэсліла Тацяна Малашчанка.

Пры гэтым жанчына падкрэсліла, што ўрокі музыкі ў школе з'яўляюцца факультатыўнымі і за іх адзнакі не ставяцца. У той самы час Яся Малашчанка асобна ходзіць у музычную школу і там пазнае з музыкі і спеваў больш, чым на самім уроку.

Ані настаўніца, ані адміністрацыя школы прабачэнняў дзяўчынцы ці яе бацькам не прынеслі. На ўрокі музыкі яе цяпер запрашаюць, прапаноўваючы прыходзіць праз 10–15 хвілін, калі скончваецца вывучэнне афіцыйнага гімну. Але дзяўчынка хадзіць на ўрокі спеваў баіцца. Бацькі не выключаюць, што могуць напісаць прашэнне дазволіць іхняй дачцэ не наведваць урокі музыкі ў школе.
 Прэсавая служба БХД