Шлях падзяліў апазіцыю

Традыцыйны арганізатар «Чарнобыльскага шляху» — партыя БНФ — сёлета адмаўляецца ад удзелу ў шэсці і плануе накіраваць сваіх актывістаў у рэгіёны, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Эстафету вулічнай акцыі пераняў аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Традыцыйны арганізатар «Чарнобыльскага шляху» — партыя БНФ — сёлета адмаўляецца ад удзелу ў шэсці і плануе накіраваць сваіх актывістаў у рэгіёны, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Эстафету вулічнай акцыі пераняў аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Мінгарвыканкам дазволіў жалобнае шэсце ад Акадэміі навук да парка Дружбы народаў. Збор а 18.00 на пляцоўцы перад Акадэміяй навук. Заяўлены маршрут у цэнтр горада да Кастрычніцкай плошчы адхілены. Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі зазначаюць, што асноўны сэнс правядзення «Чарнобыльскага шляху–2010» — пачатак кампаніі па стварэнні грамадскага камітэта па абароне беларусаў ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы «У абарону жыцця». Вулічную акцыю падтрымаюць прадпрымальнікі, аргкамітэт па стварэнні руху салідарнасці «Разам», «Малады Фронт», чарнобыльскія ініцыятывы.
Кіраўніцтва партыі БНФ сёлета вырашыла ўстрымацца ад удзелу ў «Чарнобыльскім шляху». Як заявіў лідэр партыі Аляксей Янукевіч, прычыны гэтага — жаданне «сапраўды прыцягнуць увагу грамадства», а таксама «не ствараць пляцоўку для піяру розным арганізацыям». Маюцца на ўвазе прадстаўнікі ЛГТБ-супольнасці, анархістаў і ультраправых, якія апошнія гады актыўна ўдзельнічаюць у «Чарнобыльскім шляху». Дарэчы, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч паабяцаў радыкальна абыходзіцца з няпрошанымі гасцямі шэсця. «Мы збіраемся вярнуць акцыі жалобны характар, — зазначыў малады палітык. — Прысутнасць на шэсці анархістаў ды прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў будзем расцэньваць як правакацыю. Правакатараў будзем звязваць і здаваць міліцыі».
Актывісты партыі БНФ плануюць наведаць раёны, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, а таксама пералічыць грошы, заробленыя на рэспубліканскім суботніку, у медустановы. «24 красавіка, калі адбудзецца ўсебеларускі суботнік, нашы структуры, якія будуць працаваць у гэты дзень, пералічаць заробленыя сродкі на рахунак гомельскага і магілёўскага анкалагічных дыспансераў. Мы звяртаемся сёння да ўсіх беларусаў, якія працуюць на прадпрыемствах, каб яны пераконвалі кіраўніцтва грошы з суботніку пералічыць на рахункі названых дыспансераў, а не ў абстрактныя фонды. Таксама мы плануем выезд у зону, што пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, там будзем упарадкоўваць помнікі выселеным вёскам, сустракацца з людзьмі, перадаваць сродкі, сабраныя структурамі партыі БНФ», — патлумачыў палітык.