Што хвалюе былых «афганцаў»?

Былы афіцэр-«афганец», сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі распавядае пра праблемы беларускіх «афганцаў» і размежаванне іх па «расійска-ўкраінскім» прынцыпе.



dsc09322_833x400.jpg

Тыдзень таму ў Беларусі адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Што сёння хвалюе беларускіх «афганцаў»?

Аляксандр Камароўскі: Праблемы ў людзей тыя ж, што і ва ўсіх іншых. Сёння пытанне для многіх стаіць рубам: як выжыць пры такіх цэнах на тавары і паслугі і такіх заробках? Народ у пошуках працы і грошай, каб пракарміць сем’і. Дарэчы, па маіх звестках, у краіне налічваецца 35 тысяч сем’яў “афганцаў”, жывых воінаў-інтэрнацыяналістаў засталося адсоткаў 70. Але сем’і працягваюць традыцыі па ўшанаванні бацькоў, мы не падзяляем жывых і таго, каго з намі ўжо няма.

РР: Некалькі гадоў таму «афганцы» падзяліліся па прынцыпе «праўладныя» і «нячэсныя». Сёння гэтае размежаванне захоўваецца?

Аляксандр Камароўскі: Цяпер такога расколу няма, бо ўжо і праўладныя «афганцы» зразумелі, што адбываецца ў краіне. А раней на самай справе было сур’ёзнае супрацьстаянне. Цяпер хіба што ідзе размежаванне меркаванняў па «ўкраінскім пытанні». Некаторыя «афганцы» ўзялі бок Расеі ў гэтай вайне, іншыя — за Украіну. І, як мне падаецца, у асноўным перабольшваюць украінскія настроі. Ва ўсялякім разе, я сам неяк праводзіў выбарачнае апытанне, і ягоныя вынікі паказалі, што прыхільнікаў Украіны становіцца ўсё болей. Людзі ж  не бараны, бачаць, куды прывялі Расею яе імперскія закіды. Усе вакол — ворагі. А нам гэта патрэбна? Калі ўсходні сусед уляпаўся па самыя вушы, дык нам навошта? Больш за тое! Многія пачынаюць разумець, што не заходнія ворагі, а менавіта сама Расея з яе палітыкай ўяўляе для Беларусі найбольшую небяспеку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя