Сілавікі з сабакамі зладзілі аблаву ў інтэрнаце каледжа ў Кобрыне. Шукалі падпіскі на тэлеграм-каналы
Міліцыя разам з адміністрацыяй Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа зладзіла аблаву ў інтэрнаце вучняў, якую самі назвалі «прафілактычным рэйдам». Шукалі наркотыкі і падпіскі на «забароненыя» тэлеграм-каналы.

«13 верасня 2022 года прайшоў сумесны прафілактычны рэйд у
інтэрнаце №1 УА «Кобрынскі ГПК»… спецыялістамі і спецыяльна навучаным сабакам
на наяўнасць наркатычных сродкаў, а таксама правераны тэлефоны на наяўнасць
забароненых тэлеграм-каналаў. Падчас рэйду забароненых сродкаў не выяўлена.
Хлопцам былі дадзеныя рэкамендацыі, як засцерагчы сябе ў інтэрнэце і не зламаць
сабе жыццё», — паведаміла адміністрацыя каледжа.
«Н*ша Ніва» заўважыла, што пазней пры спробе выйсці на гэту старонку сістэма выдае памылку, прытым што сам сайт працуе. Падобна на тое, што інфармацыю выдалілі.

Не выключана, што адміністрацыя ўстановы выдаліла артыкул праз тое, што міліцэйская аблава з'яўляецца парушэннем заканадаўства. На тое на сваёй старонцы ў фэйсбуку паказаў палітык Анатоль Лябедзька.
«Вам патрэбны доказы, што гэта ўлада штодня падціраецца Канстытуцыяй?! Калі ласка. Нават не саромеюцца і справаздачацца публічна. У Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж прыйшлі сілавікі з сабакам. Яны шукалі наркотыкі і падпіскі на «дрэнныя» тг-каналы». І нічога, што пры гэтым парушылі тузіну артыкулаў Асноўнага закону Беларусі. У канцлагеры не да законаў», — напісаў Анатоль Лябедзька.
