Сілавікі затрымалі кіраўніка Браслаўскага раёна і яго жонку
У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуўся чытач, які паведаміў, што 27 чэрвеня сілавікамі быў затрыманы старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Дранеўскі.
Нібыта гаворка вялася пра тое, што Дранеўскага разам з жонкай, а таксама некаторымі падначаленымі выводзілі проста з будынка райвыканкама.
«НН» спраўдзіла гэтую інфармацыю ў двух розных крыніцах у Браславе. Усе пацвярджаюць, што Дранеўскі сапраўды затрыманы.
Кіраўнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч сказаў, што можа даць інфармацыю, ці сапраўды затрыманы кіраўнік Браслаўскага раёна, толькі 4 ліпеня, калі скончацца вялікія выходныя.
Уладзімір Дранеўскі адстунічаў на парадзе, які праходзіў у Браславе 3 ліпеня з нагоды Дня Незалежнасці. Абмяркоўваецца затрыманне чыноўніка і ў браслаўскіх сацыяльных сетках.
Неафіцыйна вядзецца гаворка, што «мэра» маглі затрымаць за хабар. Дакладна вядома, што чыноўнік будаваў сабе дом.
Уладзіміру Дранеўскаму 41 год. Ён родам з Чашнікаў. Скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках па спецыяльнасці «Механізацыя меліяратыўных і водагаспадарчых работ» і «Бухгалтарскі ўлік».
Доўгі час працаваў у родным горадзе на пасадах, звязаных з ЖКГ. У 2011 быў названы «Чалавекам года Віцебшчыны». Жанаты, мае дваіх дзяцей.
У 2015 годзе Дранеўскі стаў старшынёй Браслаўскага райвыканкама. Браслаў — раён вядомы сваім турыстычным патэнцыялам, дзякуючы вялікай колькасці маляўнічых азёр. У раёне налічваецца ажно 305 аграсядзіб.
«Шаную ў спецыялістах здольнасць бачыць і аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю, адстойваць свой пункт гледжання і пераконваць у сваёй праўдзе. Аддаю належнае сумленным і прамым людзям», — казаў Дранеўскі ў адным з інтэрв’ю.
Паводле nn.by