Сілічы значна даражэй еўрапейскіх курортаў

Дзяржаўны гарналыжны цэнтр пачаў продаж сезонных абанементаў: лыжнікі і сноўбардысты ў шоку ад коштаў.



silichi.jpg

Гарналыжны цэнтр «Сілічы» даражэе з кожным годам. У мінулым годзе кошт катання павялічыўся ў паўтара раза нават у даляравым эквіваленце. Але ў гэты раз «Сілічы» пабілі ўсе рэкорды.
Гарналыжны сезон яшчэ не пачаўся, а цэнтр ужо пачаў папярэдні продаж сезонных абанементаў. «Беспрэцэдэнтная акцыя» будзе доўжыцца да 10 лістапада. Кошт пытання — 15 мільёнаў рублёў. Гэта «ўсяго» ў 1,7 раз даражэй, чым кошт сезоннага абанемента ў самым буйным гарналыжным курорце Еўропы. Прычыну завоблачных коштаў у «Сілічах» намеснік дырэктара цэнтра Ілона Юроўская патлумачыла яшчэ ў мінулым сезоне: «Мы працуем на самаакупнасці, і эканамічна выгадна, каб прадпрыемства працавала бясстратна».
Кошты на іншыя віды абанементаў на маючы адбыцца сезон яшчэ не абвешчаныя, але аматары горных лыж і сноўборда ўжо настройваюць сябе на горшае.
Сезонны абанемент у «Сілічах» каштуе 1204 еўра, у Італіі — 710 еўра. Але маштабы курортаў непараўнальныя: у «Сілічах» чатыры трасы (850 метраў самая доўгая), у Dolomiti SuperSki — 1200 кіламетраў трас. Атрымліваецца, што «Сілічы» ў 427 разоў менш італьянскага курорта. А ўлічваючы, што кошт абанемента ў 1,7 раз даражэй, выходзіць, што пры аднолькавых маштабах «Сілічы» былі бы даражэй італьянскага курорта ў 726 разоў.
kp.by