Сістэма АРІП пачала прадаваць звесткі пра сваіх кліентаў

Небанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «АРІП» (Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора) афіцыйна пачала прадаваць звесткі пра сваіх кліентаў.

01_373_crm.jpg


Адпаведнае паведамленне размешчана на сайце арганізацыі. У ім пазначана, што АРІП аказвае новыя паслугі — прапаноўвае дадзеныя пра кліентаў і аўтэнтыфікацыю фізічных асобаў, паведамляе Радыё Свабода.

У арганізацыі тлумачаць, што прадаваць звесткі кліентаў будуць для «абнаўлення і актуалізацыі дадзеных розных структур». Купіць інфармацыю пра карыстальнікаў сістэмы змогуць банкі, крэдытна-фінансавыя арганізацыі (акрамя тых, якія аказваюць касава-інкасатарскія паслугі), Банк развіцця Рэспублікі Беларусь ды іншыя арганізацыі і асобы, што ажыццяўляюць фiнансавыя аперацыi.

За доступ да базы на месяц трэба заплаціць 1710 рублёў.

Аўтэнтыфікацыю або верыфікацыю фізічных асоб будуць праводзіць з дапамогай міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ) з выкарыстаннем біяметрычных дадзеных у дыстанцыйных каналах. Такая паслуга даступная суб’ектам МСІ.