Сітуацыю з «Белсатам» абмяркуюць на дэбатах у польскім Сейме

Дэпутаты Камісіі па міжнародных справах польскага Сейма хочуць абмеркаваць сітуацыю з тэлеканалам «Белсат» на парламенцкіх дэбатах.

34b449c2_2ae0_44d5_ade9_087ddd33172a_cx0_cy18_cw0_w987_r1_s_r1.jpg

Пра гэта перадае беларуская служба Польскага радыё са спасылкай на дэпутата Сейма ад партыі «Грамадзянская платформа» Роберта Тышкевіча.

 «Ліквідацыя «Белсата» будзе вельмі сур’ёзным рашэннем. Гэта паварот на 180 градусаў у польскай замежнай палітыцы. З гэтым паваротам мы не пагаджаемся і лічым яго палітычнай памылкай. (…) Мы будзем патрабаваць, каб урад выконваў волю парламента. Нагадаю, што камісія па замежных справах аднагалосна прыняла рашэнне па ўзмацненні падтрымкі незалежных СМІ ў Беларусі, а не іх ліквідацыі», — заявіў Тышкевіч.

 Камісія замежных справаў польскага Сейма 15 снежня прыняла дэкларацыю, у якой заявіла, што Польшча павінна павялічыць, а не скараціць падтрымку незалежным СМІ ў Беларусі. Пад дакументам пакінулі свае подпісы прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў, прадстаўленых у Сейме, а таксама намеснік міністра замежных справаў Польшчы Ян Дзядзічак.

 Скандал вакол тэлеканала «Белсат» працягваецца ўжо каля тыдня. Польскія ўлады заявілі, што замест яго плануецца стварыць адзіны канал вяшчання для палякаў замежжа.



 Нерацыянальным закрыцьцё «Белсату» называе і былы намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька. На яго думку, ліквідацыя «Белсату» была б не ашчаджэньнем будучых грошай, а марнатраўствам грошай, ужо ўкладзеных у праект.

 «Па-першае, з уласнай волі Польшча пазбаўляецца інструмента ўплыву. Канешне, падтрымліваць і развіваць тэлебачанне Polonia трэба. Толькі не бачу сувязі паміж падтрымкай TVP Polonia і закрыццём «Белсату». Давайце падтрымліваць і TVP Polonia, і «Белсат»! Па-другое, калі ў нейкую справу за 9 гадоў інвеставалі 50 мільёнаў еўра, і гэта неяк працуе, то гэтую справу трэба паправіць, мадэрнізаваць, а не выліваць дзіця з вадой. Гэта марнатраўства вялікіх грошай. Замест таго, каб паправіць канал, мы яго ліквідуем і пазбаўляемся інфармацыйнага інструмента ў часы, калі СМІ кіруюць светам, аказваюць рашучы ўплыў на развіццё сітуацыі», — лічыць Буцька.