«Сядзець за праўду не страшна». Інтэрв'ю з жонкай Джона Сільвера
Эдуард Пальчыс, заснавальнік і аўтар сайту 1863x.com, знаходзіцца за кратамі сем месяцаў. Увесь гэты час жонка Вікторыя камунікуе з Эдуардам выключна праз пошту і адвакатку Ганну Бахціну.
Як Пальчыс пачувае сябе ў камеры і на які прысуд спадзяецца, Вікторыя распавяла ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
— Дзе і калі вы бачыліся апошні раз з Эдуардам?
— Апошні раз мы з ім бачыліся ва Украіне, перад ягоным ад’ездам у Расію. Яго затрымалі 23 студзеня. І ён ужо адседзеў 7 месяцаў. Нават трошкі больш. Спачатку ён знаходзіўся ў СІЗА Бранску. Адтуль быў доўгі этап. Спачатку яго адвезлі ў Смаленск, потым у Віцебск, потым ужо ў Менск. А пасля пікетаў перавялі ў Жодзіна.
— Думаеце, ягоны перавод звязаны з пікетамі ў падтрымку?
— Я мяркую, што звязана. Бо гэта супадае па датах. 9 чэрвеня Павал Севярынец з Вольгай Мікалайчык праводзілі пікет каля СІЗА. А Эдуард потым сказаў, што ў тую ж ноч яго адвезлі ў Жодзіна.
— Як падтрымліваеце сувязь з Эдуардам?
— Я пішу яму раз ці два на тыдзень. Але атрымлівае ён мае лісты толькі праз 7–10 дзён. Хаця ягоныя сукамернікі, кажа, маюць лісты праз 2–3 дні. Ягоныя так доўга затрымліваюцца, бо, відаць, праходзяць праз цэнзуру. Хаця я не ведаю, каб нейкі ліст да яго не дайшоў.
Ён піша пра свае ўмовы, пра тое, як рухаецца справа.
Калі адвакатка да яго ходзіць, я прашу, каб яна распавядала пра навіны, звязаныя з ім, пра ягоную падтрымку. Каб пераказвала, што пра яго тут памятаюць.
Таксама ён дагэтуль атрымлівае лісты і паштоўкі. Перад судом па крымінальнай справе яго перавядуць у Валадарку. Тады ён зможа перадаць свае рэчы. Кажа, што хоча аддаць мне цэлую торбу паштовак і лістоў, якія ў яго там назапасіліся.
— І які настрой у яго?
— Някепскі. Ён разумее, за што сядзіць. Кажа: «Я ж нікога не забіў, мяне трымаюць за кратамі па іншых матывах».
Таксама кажа, што сядзець за праўду не так страшна, калі ў цябе ёсць падтрымка на свабодзе, калі чакаюць жонка і сябры.
— Ёсць у яго нейкія чаканні наконт рашэнне суду?
— Ілюзіяў, што яго апраўдаюць, Эдуард не мае. Кажа, што рыхтуецца да найгоршага. Што гэта будзе пазбаўленне волі.
— А вы на што настройваецеся?
— Я моцна занятая ўсімі гэтымі справамі. Усё каардыную, заключаю дамовы з адвакатам, праз яго трымаю сувязь з Эдуардам. Можна сказаць, што гэта цяпер самая важная мая дзейнасць.
Я ўсё ж такі маю надзею. Не думаю, што суд яго апраўдае, але спадзяюся, што будзе ўлічаны той тэрмін, што ён ужо адседзеў. Спадзяюся, што з залі суда муж пойдзе дамоў, а не ў калонію.