Сядзіба БНФ пад пагрозай высялення, партыя пачала збор сродкаў
Кіраўніцтва Партыі БНФ распачало збор сродкаў на аплату арэнды цэнтральнага офісу ў Мінску. Усяго камунальнікі патрабуюцю заплаціць каля 29 тысяч рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».
«Нам даслалі ліст, дзе распісаныя фінансавыя прэтэнзіі, — адзначыў старшыня партыі Рыгор Кастусёў у каментары БелаПАН. — У тым ліку пра тое, што 5 лістапада мы павінны вызваліць памяшканьне. У выніку мы склалі свой графік пагашэння запазычанасці з улікам 2019 году, а камунальныя службы — свой, да новага года».
Агульная запазычанасць за арэнду на дату патрабавання аб высяленьні склала 28 тысяч 950 рублёў.
«Мы ўжо заплацілі каля 2 тысяч, гэтага недастаткова. Але мы, па неафіцыйных размовах, можам заставацца ў офісе да канца года, каб за гэты час пагасіць запазычанасць», — паведаміў Рыгор Кастусёў.
Памяшканне ў доме на вуліцы Чарнышэўскага Партыя БНФ займае ад восені 2011 года.
На новае месца актывісты мусілі пераехаць пасля таго, як у траўні 2011-га на пазоў ЖРЭА Савецкага раёну Мінска Гаспадарчы суд сталіцы выселіў партыйцаў з офісу па праспекце Машэрава, 8, дзе яны размяшчаліся ад 1992 году.