Сямʼю Галіны Ігнатовіч, якая ўзбіралася на кран, не будуць высяляць да суду 20 лютага
Пасля інцыдэнту 31 студзеня, калі пенсіянерка Галіна Ігнатовіч узлезла на будаўнічы кран у знак пратэсту супраць зносу свайго дому, пракуратура пастанавіла не высяляць Ігнатовічаў да 6 лютага.
Як паведаміла Свабодзе Галіна, на 20 лютага прызначанае судовае пасяджэнне, на якім адбудзецца разгляд правоў Марынчык Таццяны Аляксандраўны, новай жонкі Ігнатовіча. Пакуль суд не вызначыць, ці мае яна права на долю кватэры, ці не, сямʼю Ігнатовічаў прыставы прымусова высяляць ня будуць.
Пасля таго як 31 студзеня ратаўнікі ўгаварылі Галіну спусціцца з крана, яна была шпіталізаваная з пераахаладжэннем. Цяпер яна ўжо некалькі дзён дома і мае намер змагацца далей.
На судзе сямʼя будзе дабівацца ад групы кампаніяў «Тапас» справядлівай кампенсацыі за знос свайго дому плошчай 166 кв.м па вуліцы Ржавецкай, што ў менскім мікрараёне Лябяжы. У доме прапісаныя 11 чалавек.
На месцы дому кампанія-забудоўшчык плануе пабудаваць ЖК «Алімпік парк», а Ігнатовічам прапануе кампенсацыю ў выглядзе трох двухпакаёвых кватэр агульнай плошчай 225 кв.м у ЖК «Браслаўскі» ў тым жа раёне Мінску. Аднак Ігнатовічы справядлівай такую кампенсацыю не лічаць. У «Тапасе» заяўляюць, што такім чынам Ігнатовічы хочуць «узбагаціцца за кошт сітуацыі».