Сяргей Чэрачэнь: канстытуцыйная рэформа па-беларуску — усё памяняць, нічога не змяняючы

Невядома галоўнае: гэта будзе новая рэдакцыя Канстытуцыі або папраўкі ў дзейную? Афіцыйна — гэтае пытанне вырашыцца «ў залежнасці ад аб'ёму і характару прапанаваных зменаў», піша выданне «Белорусы и рынок».

cherechen_.jpeg

Так лідар партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах 2020 года Сяргей Чэрачэнь пракаментаваў абяцаную канстытуцыйную рэформу.

Вядома, што яшчэ ў канцы жніўня Канстытуцыйная камісія накіравала Аляксандру Лукашэнку свае дапрацаваныя, выніковыя прапановы па папраўках у Асноўны закон краіны, аднак да гэтага часу няма ніякай канкрэтыкі па гэтым пытанні.

— У гэтым няма нічога незвычайнага — адзначыў у інтэрв'ю карэспандэнту «Политринга» Чэрачэнь. — Падрыхтоўка ўсіх папярэдніх змяненняў у Канстытуцыю таксама праходзіла ў Беларусі таемна і кулуарна, і толькі потым адпаведныя праекты прадстаўляліся грамадству. Вось і цяпер пра тэрміны і канкрэтны характар магчымых змяненняў у Асноўны закон нікому нічога не адказваюць нават на самым «версе», я маю на ўвазе, перш за ўсё СМІ, якія цікавяцца гэтым пытаннем. Невядома і галоўнае: ці будзе гэта новая рэдакцыя Канстытуцыі ці ж папраўкі ў дзейную?

Зрэшты, паводле яго слоў, нашмат важней не тое, што напісана ў дапрацоўках і праекце, а сама працэдура прыняцця. Пакуль жа праглядаецца варыянт канстытуцыйнай рэформы па-беларуску: усё памяняць, нічога не змяняючы. А канстытуцыйныя папраўкі, якія абмяркоўваюцца, наўрад ці змогуць вырашыць палітычны крызіс у краіне.